Юны браслаўчанін заваяваў дыплом на шматпрофільнай алімпіядзе ў Мінску

Люди
Сёння для большасці дзяцей камп’ютар стаў фактычна бытавым прыборам. Але калі для адных сучасная тэхніка толькі дзеля забавы, то для іншых — магчымасць паглыбіць свае веды ў галіне сучасных тэхналогій. Да такіх адносіцца і вучань 8 класа Ахрэмаўскай ЯССШ Ігар Арэх.

Яшчэ ў 5 класе хлопчык з цікавасцю пачаў наведваць гурток інфарматыкі пад кіраўніцтвам настаўніка Славаміра Гайдзеля. А пазней ужо на ўроках па гэтым прадмеце заахвоціўся камп’ютарным праграмаваннем. Для свайго таленавітага навучэнца педагог састаўляў індывідуальныя праграмы. Супрацоўніцтва зладжанага тандэма дало добрыя вынікі на раённых і абласных алімпіядах.

А нядаўна хлопец паспрабаваў свае сілы на Міжрэгіянальнай шматпрофільнай алімпіядзе па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы. Арганізатарамі гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў сярод беларускіх школьнікаў сталі Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў галіне тэхналогій інфарматызацыі і ўпраўлення Белдзяржуніверсітэта, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, універсітэцкі навукова-даследчы і вучэбнаметадычны цэнтр выкладчыкаў і навучэнцаў «ЮНІ-цэнтрХХІ», а таксама адукацыйны інтэрнэт-партал «ЯКлас».

Спачатку адбыўся завочны тур, падчас якога Ігар паказаў добрыя вынікі, і яго запрасілі ў сталіцу на вочную алімпіяду. Усяго ў абодвух турах удзельнічалі звыш 3 тысяч школьнікаў. І толькі 60 хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Сярод іх і Ігар Арэх, які заваяваў дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Інфарматыка і матэматыка».

Цырымонія ўшанавання пераможцаў праходзіла на базе сталічнай гімназіі.

— Займацца інфарматыкай, — кажа хлопец, — вельмі цікава. Да таго ж лічу, што будучыня — за камп’ютарнай тэхналогіяй. А гэта алімпіяда дала вопыт і падштурхнула да імкнення спасцігаць новыя веды ў праграмаванні.

Яшчэ Ігару падабаецца гуляць у шахматы — гэта дапамагае яму развіваць логіку і матэматычнае мысленне. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.