Малады трэнер з Браслаўскай ДЮСШ марыць падрыхтаваць чэмпіёна

Люди
Цікава, што Максіма Маткоўскага прафесія знайшла сама: перамога ў 7 класе ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы неспадзявана абярнулася для юнака прафесійным прызваннем…

Перспектыўнага ў спорце падлетка тады, пасля ўдалых спаборніцтваў, заўважыў трэнер ДЮСШ Часлаў Багдановіч, які і прапанаваў хлопцу развіваць здольнасці. Такім чынам Максім Маткоўскі трапіў на трэніроўкі ў спартшколу. «Часлаў Багдановіч падышоў і запытаўся, ці хачу я пастаянна трэніравацца і перамагаць.

Так зацікавіў мяне, што я пайшоў на заняткі па бегу», — успамінае хлопец свае першыя крокі ў спорце. Яны былі настолькі паспяховымі, што ў хуткім часе Максіму прапанавалі пайсці вучыцца ў Наваполацкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Так з 8 класа ў яго скончылася дзяцінства і пачалася сур’ёзная спартыўная падрыхтоўка і ўдзел у розных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пры гэтым трэніроўкі неабходна было спалучаць з заняткамі ў школе, рыхтавацца да экзаменаў і паступлення ў ВНУ. Не дзіўна, што М. Маткоўскі абраў для себе факультэт фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

«Я з радасцю вярнуўся ў родную спартшколу, дзе пачынаў займацца спортам. Тут добры калектыў, які гасцінна сустрэў мяне. З верасня пачаў збіраць дзяцей на заняткі. Цяпер у мяне 3 групы па 12 чалавек. Бачу, што сярод іх ёсць перспектыўныя будучыя спартсмены», — расказаў малады чалавек.

На заняткі да сваіх выхаванцаў Максім Маткоўскі ідзе заўсёды з добрым настроем і марыць, што сярод тых, хто толькі рыхтуецца да сваіх першых спартыўных стартаў, абавязкова будуць чэмпіёны.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.