Аператар машыннага даення: «Калі маладая карова дае 20-25 літраў — гэта амаль што трагедыя»

Люди
Вырошчванне высокапрадукцыйных кароў у «Маяку Браслаўскім» пастаўлена на паток. І на кожным з этапаў тэхналагічнага ланцужка працэсу тут шчыруюць прафесіяналы сваёй справы, людзі, неабыякавыя да жывёлагадоўлі, эканамічнага становішча гаспадаркі, у якой працуюць, зацікаўленыя ў высокім заробку.

Кожнаму перыяду вырошчвання высокапрадукцыйнага статка ў гаспадарцы надаецца асаблівая ўвага. Аднак асноўным усё ж лічыцца раздой першацёлак.

У «Маяку» да яго адносяцца як да галоўнага этапа ў жыцці будучай прадукцыйнай каровы. І гэта правільна. Толькі тут (у нашым раёне) ёсць асобная ферма, дзе збіраюць першацёлак, дапамагаюць ім ацяліцца і раздойваюць. Ферма «Даўблі» — гэта адно памяшканне з прыбудовамі для вырошчвання цялят.

Там з першых дзён клапоцяцца і пра нованароджаных цялят, вылучаюць з іх лепшых — тых, якія, магчыма, стануць высокапрадукцыйнымі каровамі. Але ўсё ж такі створана ферма для раздою першацёлак. Зразумела, што на гэтым аб’екце працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы: два асноўныя аператары і адзін падменны, які замяшчае ў выхадныя. Яны абслугоўваюць добрую сотню кароў, падзеленых на 2 групы.

Першацёлкі трапляюць сюды за некалькі дзён да расцёлу, іх чысцяць, купіруюць хвасты. Пасля нараджэння цяляці пачынаецца новы этап. Кожная з першацёлак пераводзіцца на індывідуальны рацыён. Аператары малочнага даення штодзень масіруюць каровам вымя, паступова прывучаюць да даільнага апарата. Працэс раздою вельмі важны, бо менавіта ў гэты час становіцца зразумела, які патэнцыял ёсць у каровы, ці будзе яна даваць найбольшую колькасць малака. Спецыялісты «Маяка Браслаўскага» лічаць: калі маладая карова дае 20-25 літраў — гэта амаль што трагедыя, 25-30 — нармальная з’ява, звыш 30 — мэта, да якой падцягваюцца астатнія.

І калі ў большасці нашых гаспадарак даярка, як правіла, набірае групу першацёлак, раздойвае іх, працуе з імі да выбракоўкі, бывае, раздае маладых кароў у розныя рукі, то з Даўбляў племя расходзіцца па малочнатаварных фермах згодна з загадзя складзеным графікам абнаўлення дойнага статка. Аператары, якія працуюць на раздоі, імкнуцца перадаць калегам ужо высокапрадукцыйных кароў.

Вольга Кароткіна працуе аператарам машыннага даення на ферме «Даўблі» ўжо 7 гадоў. Менавіта яна дапамагае маладым каровам ацяліцца, 20 дзён даглядае нованароджанае цяля і 21 — раздойвае карову.

Самае складанае, па яе словах, — гэта прыручыць карову, дапамагчы ёй даверыцца чалавеку, бо перад тым, як першацёлкі трапляюць на гэтую ферму, яны мала кантактуюць з людзьмі. Да таго ж працэс раздою спачатку выклікае ў жывёлы непаразуменне, магчыма, нават страх і боль, таму яна актыўна абараняецца.

Часта аператары фермы працуюць разам, каб утаймаваць карову і падаіць яе першы раз. Работа гэта складаная. Жанчына расказвае, што каровы штурхаюцца, кусаюцца, плююцца. Таму увесь час трэба быць напагатове. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.