Ганна Багеша расказала, як ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі Друеўскага сельсавета

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
З кожным годам населеныя пункты Браслаўшчыны становяцца больш прыгожымі і камфортнымі, бо пытанням іх добраўпарадкавання надаецца асаблівая ўвага. Але гэта няпростая задача для мясцовай улады, і ў кожным сельсавеце яе вырашаюць з улікам фінансавых магчымасцей, асаблівасцей мясцовага ландшафту і патрэб насельніцтва.

Нямала ў гэтым напрамку зроблена і на друеўскай зямлі.

— Пра нас у першую чаргу мяркуюць па знешнім выглядзе, — кажа старшыня мясцовага сельсавета Ганна Багеша. — Парадак і чысціня кожнага населенага пункта — своеасаблівая візітная картка, таму менавіта гэтаму аспекту адводзіцца значная роля. Але зрабіць свой родны куток прыгожым магчыма толькі агульнымі намаганнямі. Трэба адзначыць, што дзякуючы сумеснай рабоце з органамі грамадскага самакіравання, актывам, кіраўнікамі арганізацый і насельніцтвам мы прыкметна змянілі ў лепшы бок тэрыторыю сельсавета.

У першы год работы Г. Багешы было выдалена 1 700 аварыйных дрэў, знесены лядашчы дом, у рамках суботнікаў ліквідаваны дзевяць несанкцыянаваных звалак, абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для бытавых адходаў. А каб у будучым на тэрыторыі сельсавета зноў не з’яўляліся стыхійныя звалкі, з КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» заключаны дагаворы на вываз бытавога смецця. Добраўпарадкавалі пад’езды да двух грамадзянскіх могілак, што дазволіла перадаць іх на баланс ДРБУ-142. Прыведзены ў належны выгляд пяць помнікаў загінулым воінам.

Разам з аб’ёмнымі работамі пастаянна высякалася хмызняковая расліннасць на прыдарожных палосах і каля ракі, а таксама зараснікі баршчэўніку, агульнымі намаганнямі цэнтр населенага пункта ўпрыгожвалі кветкамі.

Адметнымі прыкладамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі Друеўскага сельсавета таксама можна лічыць устаноўлены знак «Друя», высечку хмызняку на частцы прыдарожнай паласы ўздоўж напрамку Браслаў — Друя, устаноўку агароджы з металічнага штыкетніка па вул. Браслаўскай у аграгарадку, уладкаванне месца грамадскага адпачынку.

Сёлета работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі прадоўжыліся каля знака на ўездзе ў Друю: цяпер гэта прыгожае і камфортнае месца адпачынку. Змянілі свой выгляд аўтобусны прыпынак, цэнтральная вуліца і плошча. За сродкі самаабкладання выдалены аварыйныя дрэвы на двух мясцовых могілках. Знесены лядашчы дом. Устаноўлены памятны знак у гонар вузкакалейкі. Ідзе работа па ўцягванні ў абарот будынкаў, што не выкарыстоўваюцца.

Летась Друеўскі сельвыканкам сумесна з Браслаўскім раённым грамадскім аб’яднаннем трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён “Азёрны край”» атрымаў грант па праграме пасольства ЗША на рэалізацыю праекта «Без мінулага няма сучаснасці, без дзяцей — будучыні: партнёрства для ўстойлівага развіцця». Першым крокам ажыццяўлення гэтага праекта стала добраўпарадкаванне цэнтральнага парку аграгарадка: дарожка і невялікая пляцоўка выкладзены тратуарнай пліткай, пасаджана восем туй, упрыгожана альпійская горка, устаноўлены два металічныя кветнікі, шэсць лавак і урнаў. Работы па рэалізацыі гэтага праекта будуць працягнуты. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.