Як браслаўчане працавалі на апошнім восеньскім суботніку

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
У суботу, нягледзячы на замаразкі, прадстаўнікі шэрага арганізацый раёна прадоўжылі работы па добраўпарадкаванні грамадскіх месц у горадзе і ў сельскіх населеных пунктах.

Так, па вул. Садовай, на пляцоўцы за домам № 21, разбіралі апошні самавольна ўзведзены хляўчук і грузілі рэшткі драўляных канструкцый на трактарны прычэп для спальвання іх у топцы кацельні. А яшчэ прыдатныя для паўторнага ўжывання піламатэрыялы забраў на свой прысядзібны ўчастак гаспадар пабудовы.

На землях горада за гаражным кааператывам у раёне філіяла «Браслаўрыба» група людзей збірала цвёрдыя бытавыя адходы і накіроўвала іх на палігон. На аўтобусным прыпынку каля раённай бальніцы будаўнікі паклалі спецыяльную плітку, каб людзям, якія дрэнна бачаць, было больш зручна падчас пасадкі-высадкі пасажыраў.

Найбольшы ж працоўны дэсант моцных мужчын шчыраваў на Лысай гары за агароджай бальніцы. Тут на вельмі стромкім схіле спецбрыгада валіла, крыжавала і пілавала на цуркі ссохлыя, пераважна хваёвыя дрэвы.

Іншыя мужчыны спускалі з гары парэзаныя кругляшы і абрэзаныя сукі, потым грузілі драўніну на прычэп. Толькі спускацца па некалькі разоў ды караскацца зноў па крутым схіле — справа не з лёгкіх, таму, нягледзячы на мароз, усім задзейнічаным на гэтых грамадска карысных работах было горача, а сцюдзёны вецер напамінаў пра сябе толькі ў час кароткіх перапынкаў.

У сельгаспрадпрыемствах у рамках суботніка наводзілі парадак на фермах і прылягаючых да іх тэрыторыях. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.