Бухгалтар цэха па вытворчасці сыру: «З лічбамі працаваць умею і люблю»

Люди
Разам з хлебаробамі нядаўняе прафесійнае свята адзначылі і браслаўскія перапрацоўшчыкі. Сваю далучанасць да ўрачыстасці, безумоўна, адчувае і бухгалтар цэха па вытворчасці сыру Ліля Даргель, увесь працоўны шлях якой звязаны з сельскай гаспадаркай.

Такая цесная сувязь чалавека са сваёй прафесіяй пачалася яшчэ падчас вучобы ў інстытуце народнай гаспадаркі. І вось ужо 31 год запар Ліля Пятроўна аддана працуе на карысць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і перапрацоўчай прамысловасці роднага раёна.

За гады работы давялося змяніць розныя пасады: пачынала працоўны шлях Л. Даргель з дыспетчара тагачаснага саўгаса «Браслаўскі», працавала тут жа эканамістам і галоўным эканамістам у былым СВК «Цяцеркі». Аднак усё адно была звязана з сельскай гаспадаркай.

Не змяніўся накірунак дзейнасці і пазней, калі ў 2006 годзе стала вядучым эканамістам Браслаўскага філіяла ААТ «Глыбоцкі МКК». Працуе бухгалтарам з тымі ж, па сутнасці, функцыямі ўжо ў цэху па вытворчасці сыру і цяпер. Кіраўніцтва і калегі падкрэсліваюць, што яна любіць і дасканала ведае сваю справу. На прадпрыемстве вядзе ўлік і аналіз усёй вырабляемай прадукцыі, заработнай платы, даводзіць планавыя паказчыкі і адсочвае вытворчыя, рыхтуе дагаворы на пастаўку малака.

— Аб’ёмы работы вялікія, — прызнаецца Ліля Пятроўна, — аднак мяне, загартаваную, нічым не напалохаеш. З лічбамі працаваць умею і люблю, тым больш што за гады работы ў сельскагаспадарчай сферы шмат чаму навучылася. Цікавасць не згасае, бо ў вытворчасці прадукцыі трэба глядзець наперад: аналізаваць работу, пралічваць выдаткі і прымаць меры па іх змяншэнні.

Шмат і вынікова Л. Даргель працуе над удасканаленнем асабістай прафесійнай падрыхтоўкі. Яна дасканала вывучае перадавы айчынны і замежны вопыт па профілі дзейнасці прадпрыемства, эфектыўна прымяняе гэтыя веды на практыцы. Рашэнні прымае правільна і хутка, а іх рэалізацыю арганізуе своечасова і дакладна. Адказная і добрасумленная Ліля Пятроўна на добрым рахунку ў кіраўніцтва і карыстаецца павагай сярод калег. Сёлета бухгалтар цэха адзначана Ганаровай граматай галаўнога прадпрыемства. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.