«На ўмовы не скарджуся — нармальныя». Гісторыя маладога эканаміста з «Агравідзаў»

Люди
Сёлета на Браслаўшчыне пачалі працаваць па абранай прафесіі 96 маладых спецыялістаў, з іх 35 былі ўладкаваны ў сельскай гаспадарцы. Сярод апошніх — Яўген Клімовіч.

Хлопец добра вучыўся ў школе, асаблівыя поспехі меў у дакладных навуках. З матэматыкай, як кажуць, быў на ты. Таму выбіраючы для сябе прафесію, доўга не разважаў, вырашыў звязаць яе з лічбамі і падлікамі. Падкупіў абітурыента і прэстыж прафесіі эканаміста: спецыялісты з эканамічнай адукацыяй заўсёды запатрабаваны ў краіне і нават за яе межамі, значыць, з пошукам месца працы праблем не будзе.

Пасля школы Яўген паступіў у Столінскі каледж, пасля заканчэння якога вырашыў павысіць узровень адукацыі і пайшоў вучыцца ў Горацкую акадэмію. Высокія балы дапамаглі маладому чалавеку атрымаць адукацыю на бюджэтнай форме навучання, а па размеркаванні Яўген прыехаў на Браслаўшчыну.

Сам жа Я. Клімовіч з Брэсцкай вобласці і ніколі раней не бываў у нашых краях. Першым месцам працы маладога спецыяліста стала ААТ «Агравідзы». — Безумоўна, Браслаўшчына ўразіла сваёй прыгажосцю, колькасцю азёр, чысцінёй і асаблівай архітэктурай, — расказвае Яўген. — І людзі тут жывуць добрыя, працавітыя. Жаліцца і наракаць не буду. Як толькі прынялі на работу, старшыня сельгаспрадпрыемства выдзяліў жыллё — калгасны дом. Жыву там з яшчэ адным маладым спецыялістам. На ўмовы не скарджуся — нармальныя. Ёсць у нас усё неабходнае. Мы, мужчыны, народ просты, нам для камфорту многага не трэба, — з усмешкай на твары і збянтэжанасцю ў вачах працягвае мой суразмоўца. — Крыху шкадую, што жывём далёка ад райцэнтра, але і ў Відзах знаходжу, чым заняцца ў вольны ад працы час. Дзякуючы каледжу тут многа моладзі, ёсць кафэ і трэнажорная зала. Таму як заўзяты спартсмен рэгулярна наведваюся ў «трэнажорку», дзе не толькі займаюся, а і знаёмлюся з равеснікамі.

Дарэчы, малады чалавек яшчэ са школы прыхільнік спорту: захапляецца цяжкай атлетыкай. Не раз падчас вучобы ў акадэміі быў удзельнікам і прызёрам спаборніцтваў па падняцці гіры.

На працягу трох месяцаў малады эканаміст сельгаспрадпрыемства ўнікаў у работу, вучыўся рабіць падлікі і пісаць справаздачы. Разабрацца ў тонкасцях яму дапамагае калега — Ірэна Собалева. Як прызнаўся сам Яўген, вялікіх праблем і складанасцей у працы ён не адчувае. Тое, што адпрацоўваць па размеркаванні прыйдзецца пяць гадоў, хлопца не пужае, як і тое, што лёс звязаў яго з сельскай гаспадаркай. Яўген хоча стаць больш вопытным і граматным спецыялістам, таму ўжо сёння ставіць перад сабой мэты і прыкладае старанні, каб дабіцца вяршынь у абранай прафесіі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.