100 маладых дубоў, клёнаў і грабаў пасадзілі падчас суботніка ўздоўж вул. Гагарына.

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Перад надыходам зімовых халадоў браслаўчане выйшлі на апошні ў сезоне суботнік, каб прыбраць у грамадскіх месцах, дзе не хапіла сіл камунальнай службы, рэшткі апалай лістоты. А зводная брыгада з прадстаўнікоў гарадскіх арганізацый высаджвала маладыя дубы, клёны і грабы ўздоўж вуліцы Гагарына.

Сезоннае азеляненне горада «Браслаў-камунальнік» прадоўжыў сёлета з пасадкі 3 тысяч цыбулін цюльпанаў на клумбах каля райвыканкама, рэстарана і вакол набярэжнай возера Дрывяты. Кветкі былі набыты за кошт добраахвотных ахвяр падчас раённага суботніка. Затым каля 130 хваёвых дрэўцаў укараніліся ў зямлю ўздоўж вуліцы Кастрычніка, купленыя прадпрыемствам за кампенсацыйныя выплаты. А на апошнім суботніку са 100 саджанцаў з пітомніка за тыя ж мэтавыя сродкі гараджане пасадзілі роўную алею ліставых парод дрэў.

Нагадаем, што існуюць сітуацыі, калі аб’екты расліннага свету ў месцах агульнага карыстання перашкаджаюць эксплуатацыі будынкаў, інжынерных камунікацый. У такіх выпадках арганізацыі звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады з заявай аб выдачы дазволу на іх выкараненне. Але пасля яго атрымання яны абавязаны ўнесці ў раённы бюджэт кампенсацыйныя выплаты кошту знішчанай расліннасці ці самастойна пасадзіць у пэўных месцах дрэвы.

На адкрытае фінансаванне 2019 г. у памеры 9 570 руб. «Браслаў-камунальнік» закупіў восенню саджанцы маладых дрэўцаў. Астатнія мэтавыя сродкі на азеляненне будуць выкарыстаны ўжо вясной наступнага года.

Сёлета кампенсацыйныя выплаты на агульную суму 16 933 руб. у раённы бюджэт згодна з зацверджанымі ва ўстаноўленым парадку праектамі выканання работ унеслі абласныя арганізацыі энергетыкаў, газавай гаспадаркі, суда і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Праўда, многія гараджане, у тым ліку і былыя супрацоўнікі суда Браслаўскага раёна Мікалай Вашкель і Аляксандр Сучок, ніяк не могуць змірыцца з тым, што дзеля ўяўнай прыгажосці ў будучыні трэба было знішчаць на дровы рослыя блакітныя ёлкі, якія нават сваім стромкім выглядам падкрэслівалі на ўваходзе ў памяшканне суда першынство закона.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.