«Аптымісты». У Браславе прайшлі спаборніцтвы па яхтынгу

Здоровье Отдых
Юныя браслаўскія яхтсмены прадэманстравалі майстэрства падчас унутраных спаборніцтваў.

У акваторыі возера Дрысвяты яхты класа «Аптыміст» кружаць, сыходзяцца, разыходзяцца, абыходзяць перашкоды… За ўдзельнікамі з трэнерскага катара ўважліва назірае суддзя Валерый Дарафейчык, а з берага — родныя і блізкія.

Гэта не першыя спаборніцтвы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца парусным спортам у Браславе. У мінулым годзе яны ўпершыню правялі сваё першынство, а як набраліся вопыту, сталі спрабаваць сілы і на рэспубліканскім узроўні. Вось і нядаўна дзеці вярнуліся з Алімпійскіх дзён моладзі ў Гродне, дзе годна пра сябе заявілі, набраліся новых ведаў і пазнаёміліся з вопытнымі аднадумцамі.

Цяпер жа дзевяць яхтсменаў вызначалі мацнейшых паміж сабой. Гэта таксама хвалюючы і адказны момант: не падвесці б сябе, трэнера і бацькоў! Аднак, як адзначылі ў РФСК «Дрывяціч», усе выхаванцы В. Дарафейчыка і Б. Юрана паказваюць добры ўзровень падрыхтоўкі. За ўдзел у спаборніцтвах яны ўсе былі адзначаны граматамі, саладосцямі і канцтаварамі. Перамогу ж сярод хлопчыкаў святкаваў Кірыл Гайлеўскі, у дзяўчынак — Соф’я Трашчынская. Астатнія дзеці крыху адсталі ад сваіх таварышаў, але ў іх усё толькі пачынаецца.

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.