Як браслаўчане працавалі на ліпеньскім суботніку. Рэпартаж

Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Дзякуючы будаўнікам, якія ў час падрыхтоўкі да «Дажынак – 2019» нястомна завіхаюцца на выйграных па тэндары аб’ектах у Браславе практычна без выхадных, непрацуючыя браслаўчане маглі і не заўважыць, што 20 ліпеня прайшоў раённы суботнік.

Да таго ж ніхто не запрашаў для масавасці «махаць мяцёлкамі», як яшчэ зусім нядаўна такое здаралася нават на замёрзлым асфальце. На мой погляд, суботнік прайшоў вельмі арганізавана.

Найперш заўважу, што прадпрыемствы і арганізацыі самі вызначалі сваю лепту ў агульную справу. Напрыклад, на тэрыторыі мясцовага хлебазавода яго супрацоўнікі займаліся звычайнымі санітарна-гігіенічнымі справамі, а яго дырэктар Валерый Пятушка з прарабам ТДА «Віцебскспецбуд» Сяргеем Чупілавым абмяркоўвалі далейшы план касметычнага рамонту адміністрацыйна-вытворчага будынка.

А на грамадскіх тэрыторыях для калектыўных намаганняў прадстаўнікоў з 12 гарадскіх арганізацый мясцовая ўлада вызначыла 3 аб’екты.

Найперш уздоўж цеплатрасы вакол дзіцячага сада № 1 мужчыны грузілі на трактарны прычэп смецце стыхійных звалак, рэшткі самавольных хлеўчукоў, касілі пустазелле.

Пры гэтым у якасці другаснай сыравіны на перапрацоўку сабралі 6 мяшкоў пластыку, а яшчэ карысную драўніну накіравалі для ацяплення гарадской лазні. На землях агульнага карыстання ў дварах дамоў № 27-33 па вул. Садовай пад кіраўніцтвам спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Арыны Мачанскай таксама дужыя мужчыны з тапарамі, ламамі і бензапілой разбіралі хісткія хлеўчукі.

А вось на скрыжаванні вуліцы Пясчанай з аднайменным завулкам на ўборцы пустазелля ў аб’ектыў фотаапарата карэспандэнта райгазеты трапілі і жаночыя постаці, бо грамадская работа тут і па іх сіле.

Увогуле ж тон у рабоце, як заўжды, задавалі камунальнікі. Людзі гэтага прадпрыемства і працуючая тэхніка былі бачны ў розных кутках горада. Вось спецыялізаваная група спілоўвае пашкоджаныя караедам сосны каля ЦРБ, зразае засохлыя дрэвы па вул. Савецкай, у раёне Заборных Гумнаў і турбазы.

Каля дзіцячага сада № 3 канторскія работнікі прадпрыемства граблямі раўнуюць высыпаны на абочыну шчэбень і прывезены ўрадлівы слой. А побач з імі брыгада бетануе аснову пад гумовае пакрыццё для вулічных заняткаў варкаўтам.

Адрэагавала кіраўніцтва «Браслаў-камунальніка» і на скаргі жыхароў дома № 23 па вул. Садовай наконт таго, што ў падвал пасля дажджу ручаём бягуць сцёкавыя воды. Брыгада рамонтнікаў дэманціравала рэшткі старой цеплатрасы, па трубах якой і знайшлі праход ападкі.

Камунальнікі таксама прывезлі на спартыўную пляцоўку перад АТП № 18 хакейную каробку, што была на стадыёне, яе сабралі ў гэты дзень супрацоўнікі аўтабазы для рухомых гульняў малых дзяцей, а гаспадарчая група аддзела адукацыі папоўніла гэтую спортпляцоўку арэлямі і металічнай сферай для фізічнага развіцця.

Адным словам, цяпер для заняткаў фізкультурай у падлеткаў ёсць практычна ўсе ўмовы і на ўскрайку горада, а вось для спартыўнай падрыхтоўкі трэба ўсё ж такі ісці ў ДЮСШ. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.