На Браслаўшчыне пачалася ўборка збожжавых

Деньги
Калі мы прыехалі на поле да вёскі Баравыя, там малаціў пшаніцу Сяргей Зелянкевіч на камбайне «New Нolland».

За адзін заезд машына захоплівае 11 метраў пасеваў. Як сказаў камбайнер, з такім агрэгатам можна працаваць толькі на шырокаконтурных палетках, бо на вузкіх участках не развернешся. У гэты дзень ён пачаў жніво ў 11 гадзін, калі колас быў добра абсохлы. Планаваў убіраць зерне да вечара, пакуль не ляжа раса.

Начальнік участка Іван Буян паведаміў, што культура дала нядрэнную ўраджайнасць: узялі прыкладна па 30 цэнтнераў з гектара.

Зерне з поля адразу адвозяць МАЗамі на камбікормавы завод, тут жа за камбайнам ідзе прэс-падборшчык, які прасуе салому ў цюкі. Работа наладжана як след, і за некалькі дзён (пры добрым надвор’і) ураджай з гэтых зямель будзе засыпаны ў сусекі.

Для хлебаробаў Браслаўшчыны ўборка ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур — адказная пара. Імі ў раёне занята 16 270 га. Акрамя гэтага, трэба абмалаціць больш за 1 000 га крыжакветных.

Пра тое, з чым падышлі да гэтай важнай кампаніі нашы сельгаспрадпрыемствы, «Браслаўскай звяздзе» расказаў начальнік упраўлення райсельгасхарча Максім Чагарын.

— Максім Аляксандравіч, раскажыце, якія спадзяванні на сёлетні ўраджай хлебнай нівы.

— Калі браць у цэлым, то можна сказаць, што збожжавыя ўрадзілі няблага. Думаю, збяром больш, чым летась. Звычайна на нашых землях лепш родзяць азімыя культуры. І калі восень спрыяе, імкнёмся засеяць максімальныя плошчы. Вось і ў мінулым годзе імі занялі амаль у тры разы больш, чым годам раней. Праўда, сёлета на перыяд наліву коласа прыпала самая спёка і няхватка вільгаці скажацца недаборам часткі ўраджаю. Затое ападкі паспрыяюць большай важкасці каласоў яравых культур.

— Прабачце, але адна справа вырасціць багаты ўраджай, іншая — сабраць і ссыпаць яго ў сусекі. Наколькі гатовыя да ўборкі нашы гаспадаркі?

— Камбайнавы парк раёна налічвае 69 збожжаўборачных агрэгатаў, 6 з якіх пойдуць на спісанне. На малацьбу плануецца адправіць 63 камбайны, 60 % з іх гатовы ў любы дзень прыступіць да жніва. Астатнія яшчэ рамантуюцца. На адвозцы збожжа ў асноўным будуць задзейнічаны МАЗы. Для ўборкі крыжакветных ёсць і 21 прыстаўка, якіх звычайна не хапае. Як і заўсёды, лепшая гатоўнасць у «Маяка Браслаўскага».

Паколькі ў гэтым годзе большасць гаспадарак раёна не справілася з планамі нарыхтоўкі кармоў, гэты працэс на перыяд жніва спыняць не будзем. Створаны 3 міжгаспадарчыя кормаўборачныя атрады, якія будуць працягваць працу на сенажацях. «Слабодка-агра» скааперыруецца з «Аграсэрвісам», «Мяжаны» — з «Друйскім», «Бярозавы край» — з «Відзаўскім». У «Агравідзах», як і ва ўсе папярэднія гады, нарыхтоўкай кармоў будзе займацца свой мехатрад.

Недахоп механізатарскіх кадраў кампенсуецца за кошт гарадскіх арганізацый. Хтосьці сядзе за руль камбайна, нехта заменіць трактарыстаў, занятых нарыхтоўкай кармоў, а тыя адправяцца на ўборку. Ужо заключаны адпаведныя дамовы паміж кіраўнікамі.

— А что скажаце пра гатоўнасць сушыльнай гаспадаркі?

— У раёне 8 дабротных зернесушыльных комплексаў. З іх 3 у «Маяку», па 1 у «Агравідзах», «Бярозавым краі», былой «Новай Гвардыі», «Друйскім» і «Аграсэрвісе». Сваім старэнькім КЗС будуць карыстацца ў «Відзаўскім». «Мяжаны» па меры неабходнасці змогуць дапрацоўваць зерне ў «Друйскім», а «Браслаўскі» — скарыстацца паслугай у райаграсэрвісе. Што датычыць продажу па дзяржзаказе, які нам даведзены ў 2 800 тон, то збожжа, як правіла, хлебапрыёмныя камбінаты прымаюць прама з палёў.

— Максім Аляксандравіч, сёння мы наведваемся (размова адбывалася 12 ліпеня) на палеткі былой «Новай Гвардыі», дзе пачынае ўборку азімай пшаніцы інтэграцыйная структура Глыбоцкага камбікормавага завода. Мы што, перадалі ім свае землі?

— Зусім не так. Ворыўныя плошчы, на якіх займаюцца вырошчваннем збожжа і рапсу, знаходзяцца ў карыстанні ААТ «Бярозавы край». А паколькі гаспадарка ўваходзіць у склад інтэграцыйнай структуры і ўласнымі сіламі не можа апрацаваць іх, то і перадае гэтыя функцыі ўзгаданай арганізацыі. Тая ж карціна і на землях КУСП «Браслаўскі». Таму не трэба ставіць такім чынам пытанне. Бо, згадзіцеся, важна, што зямля дае аддачу, а хто на ёй працуе — справа другасная. Сёлета, напрыклад, на палетках узгаданых гаспадарак інтэграцыйная структура вырошчвае азімыя і яравыя збожжавыя на плошчы 1 300 га і 870 га адпаведна.

— Дзякуй за размову.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.