У Браславе пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрыўся дзіцячы сад № 3

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Усё менш застаецца часу да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2019», у рамках падрыхтоўкі да якога ў горадзе адбываюцца значныя і прыгожыя перамены. На гэтым тыдні пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрыўся дзіцячы сад № 3.

Павіншаваць з такой радаснай падзеяй супрацоўнікаў дашкольнай установы, дзетак і іх бацькоў завіталі ганаровыя госці — старшыні райвыканкама і райсавета Аляксандр Баданін і Ніна Пучынская, начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч і намеснік генеральнага дырэктара камунальнага ўнітарнага вытворчага праектна-будаўнічага прадпрыемства «Полацксельбуд» Станіслаў Дзевятлоўскі.

У сваім выступленні А. Баданін адзначыў, што ў раёне ўдзяляецца вялікая ўвага стварэнню камфортных умоў для выхавання, развіцця і творчай самарэалізацыі дзяцей, а як пацвярджэнне сказанаму — увод абноўленага аб’екта дашкольнай установы адукацыі. Кіраўнік раёна падзякаваў будаўнікам за іх якасную работу, а выхавальнікам і бацькам — за разуменне і цярпенне падчас правядзення рамонтных работ.

Пасля прывітальных слоў Івана Абаровіча і Станіслава Дзевятлоўскага ганаровыя госці і загадчыца дзіцячага сада Вольга Селязнёва перарэзалі чырвоную стужку і адчынілі дзверы ў краіну дзяцінства.

Трэба адзначыць, што гэты аб’ект літаральна набыў новае жыццё і ўжо здалёку прываблівае сваім яскравым і шматколерным фасадам. Таксама тут поўнасцю заменены дах, інжынерная інфраструктура. Новы выгляд маюць і ўнутраныя памяшканні, закуплена сучасная дзіцячая мэбля і абсталяванне, асвятленне заменена на энергазберагаючае. На тэрыторыі сада ўстаноўлены прыгожыя гульнявыя комплексы.

Закончылася ўрачыстае мерапрыемства невялікай музычнай праграмай, якую падрыхтавалі дзеці і супрацоўнікі дашкольнай установы.

Безумоўна, у такім цудоўным і ўтульным дзіцячым садзе выхаванцам стала вельмі камфортна, ды і работнікам больш прыемна працаваць у добрых умовах. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.