У ААТ «Слабодка-агра» шчыруюць маладыя механізатары, якія любяць працу на зямлі

Люди
— Такімі сынамі могуць ганарыцца бацькі, вучнямі — іх настаўнікі, а я як дырэктар сельгаспрадпрыемства ганаруся такімі работнікамі, — расказвае Аляксандр Дзегцяроў, кіраўнік гаспадаркі «Слабодка-агра». — Яны маладыя, але дадуць фору і бывалым механізатарам, бо маюць жаданне працаваць і добра ўмеюць гэта рабіць. Лічу, што пра іх трэба пісаць у газеце, заахвочваць і рабіць усё, каб падобныя кадры заставаліся ў сельскай гаспадарцы: з такімі работнікамі справы пойдуць на лад.

Васямнаццацігадовы Мікалай Угарэнка пасля заканчэння Відзаўскага ДПТК прыйшоў працаваць у ААТ «Слабодка-агра». Перабраў ужо не новы МТЗ-1523, падрыхтаваў яго да пасяўной і адправіўся на свой першы адказны сезон. На сяўбе хлопец працаваў з каткамі: укатваў у глебу насенне і праявіў сябе як спрытны і старанны работнік. Таму цяпер, падчас «зялёнага жніва», дырэктар уключыў яго ў самы адказны атрад — корманарыхтоўкі. А там, як расказаў кіраўнік, выпадковых людзей няма: толькі правераныя кадры. Мікалай працуе з ПІМам на адвозцы зялёнай масы.

— Ведаеце, — не без гонару ў голасе расказвае мне А. Дзегцяроў, — Мікалай з лёгкасцю за дзве гадзіны заменіць счапленне ў трактары, у той час як некаторыя, што ўсё жыццё адпрацавалі механізатарамі ў прадпрыемстве, могуць важдацца з такой паломкай аж два дні.

Мікалай, пачуўшы словы дырэктара, сціпла ўсміхнуўся і сказаў:

— Дык я, можна сказаць, у трактары вырас. Мой бацька таксама працуе ў гэтай гаспадарцы і ўжо «з’ездзіў» не адну машыну. Кожны дзень ён завіхаўся вакол свайго стальнога каня, і я разам з ім. Так з маленства ведаў, як тая ці іншая дэталь называецца і як лепш да яе дабрацца. Ключы падаваў ды трымаў балты з гайкамі. Пазней, калі ўжо вучыўся ў каледжы, мая дапамога стала больш адчувальнай. Цяпер вось і я свайго «каня» даглядаю, — пажартаваў хлопец.

Дарэчы, прозвішча Мікалая Угарэнкі добра вядома нашым чытачам, бо кожны раз яно сустракаецца ў зводцы лідараў раённага спаборніцтва па корманарыхтоўцы. На раніцу панядзелка, напрыклад, Мікалай перавёз 1 100 тон зялёнай масы і стаў трэцім у сваёй групе.

У цеснай звязцы з М. Угарэнкам працуе таксама малады, але больш вопытны механізатар Арцём Касай. Ён у свой 21 год ужо паспеў паспрабаваць рознага хлеба. Як і яго сябар і малодшы калега, скончыў Відзаўскі каледж, папрацаваў у ААТ «Слабодка-агра» механізатарам, аддаў доўг Радзіме, адслужыўшы ў войску. Потым, вярнуўшыся, памяняў некалькі гарадскіх арганізацый, дзе працаваў на рознай тэхніцы. Але, як расказаў сам, вясной вырашыў вярнуцца ў сельскую гаспадарку, бо нідзе большага заробку, як тут, не знайшоў. Арцём стараецца працаваць добра і хутка, бо разумее, што ад выпрацоўкі залежыць яго матэрыяльнае становішча. Малады чалавек задумваецца пра сям’ю, а для гэтага, лічыць, яму як мужчыне трэба ўмець забяспечваць не толькі сябе, а клапаціцца пра ўсіх яе членаў. Вось і шчыруе.

На корманарыхтоўцы А. Касай працуе на КВК. Раней ніколі не ездзіў на такой тэхніцы, але, як кажа, асвоіў за пару гадзін. Толькі, расказаў механізатар, два першыя дні, як сеў на КВК, вельмі балела рука ад непрывычкі працаваць джосцікам. Малады чалавек не баіцца спрабаваць сябе ў новай справе, гаворыць, што, наадварот, вельмі цікава «аб’язджаць» невядомую тэхніку. А побач з такімі прафесіяналамі, як Юрый Вецер, Андрэй Бурлакоў і іншыя, вопыт прыбаўляецца ўдвая хутчэй, бо калегі з ахвотай дзеляцца набытымі за гады працы сакрэтамі механізатарскай справы.

У канцы нашай размовы дырэктар сельгаспрадпрыемства адзначыў, што гэтыя хлопцы, калі маецца такая неабходнасць, без праблем перасаджваюцца на любую тэхніку і шчыруюць як след. З такой «маладой гвардыяй» працаваць — адно задавальненне. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.