У Браславе правялі семінар для ўладальнікаў малога і сярэдняга бізнесу

Деньги
На мінулым тыдні адбыўся семінар для ўладальнікаў малога і сярэдняга бізнесу Браслаўшчыны, на якім прысутнічалі прадстаўнікі райвыканкама, Наваполацкага цэнтра прадпрымальніцтва і нерухомасці, страхавой кампаніі «Стравіта», Полацкага пагранатрада і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС.

Адкрываючы семінар, намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская адзначыла, што мэта рабочай сустрэчы — разгледзець праблемы браслаўскіх прадпрымальнікаў, бо наш турыстычны раён вельмі зацікаўлены ў развіцці іх дзейнасці. І на сённяшні дзень у сферы малога і сярэдняга бізнесу на Браслаўшчыне зарэгістравана 500 суб’ектаў гаспадарання, з якіх 100 — камерцыйныя арганізацыі і 400 — індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны занятыя практычна ва ўсіх сферах. Аднак пераважным відам дзейнасці па-ранейшаму застаецца гандаль — 53 %, транспартныя паслугі — 9 %, будаўніцтва — 8 %, сельская гаспадарка, у тым ліку сялянска-фермерская, — 5 %, іншыя віды дзейнасці — 25 %.

Прадстаўнік Наваполацкага цэнтра прадпрымальніцтва патлумачыў прысутным аспекты заканадаўства, якія тычацца развіцця дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, а таксама прапанаваў ім сваю дапамогу ў рашэнні існуючых праблем. Прысутныя ўважліва выслухалі, як дзейнічае спрошчаная працэдура інвестыцыйнага фінансавання, якую прапануе для прадпрымальнікаў «БПС — Сбербанк». Прадстаўнік страхавога прадпрыемства «Стравіта» патлумачыла, як аформіць страхаванне жыцця і дадатковыя пенсіі для суб’ектаў малога бізнесу.

Нямала пытанняў задавалі браслаўчане выступаючым і на ўсе атрымалі паўнавартасныя адказы. Але найбольш (асабліва ўладальнікі аграсядзіб) цікавіліся законам, згодна з якім неабходна ў трохчасовы тэрмін зарэгістраваць замежнага госця. А гэта не заўсёды зручна, бо некаторыя з іх прыязджаюць ноччу. Аднак начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юлія Крупенька патлумачыла, што пакуль наконт гэтага змяненняў у заканадаўстве не прадбачыцца. Трэба адзначыць, што дыялог атрымаўся даволі канструктыўным і выніковым. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.