Залатое вяселле адсвяткавала сям’я Мірыновіч з Опсы

Люди
Не кожнай пары, асабліва ў наш час, удаецца пражыць некалькі дзясяткаў гадоў, як кажуць, душа ў душу. А вось сям’я Мірыновіч з Опсы зусім нядаўна адзначыла вяселле, але не простае, а залатое. Паўвека побач у горы і радасці, у нястачах і дабрабыце прайшло для мужа і жонкі на адным дыханні на дваіх.

Юбілей атрымаўся прыгожым і вясёлым. А як жа інакш, такая нагода! На залатое вяселле сабраліся дзеці і ўнукі, родныя і блізкія людзі, сябры: госці прыбылі з Дуброўна, Обалі, Мінска, Лепеля і іншых куточкаў Беларусі. Амаль паўгода Ірына Паўлаўна была ў роспачы: усё думала, як адзначыць свята. Але выйшла ці не лепш, чым пяцьдзясят гадоў таму назад.

Няспешна гартаючы пажоўклыя старонкі старэнькага фотаальбома, гаспадыня расказвала гісторыю кахання.

Сама І. Мірыновіч прыехала на Браслаўшчыну па размеркаванні з Талачынскага раёна. Працаваць стала ў Опсаўскай школе-інтэрнаце, жыла тут жа, у інтэрнаце разам з іншымі дзяўчатамі. Вечарамі ўвесь жаночы калектыў збіраўся, зразумела, на танцах. Без маладзенькіх дзяўчат-выхавальніц мерапрыемства не пачыналася. Тут і адбылася лёсавызначальная сустрэча са сваім нарачоным — карэнным опсаўскім хлопцам.

— Я спадабалася яму адразу, — узгадвае знаёмства з мужам Ірына Паўлаўна, — а ён чым прыглянуўся, нават і не ведаю. Мабыць, сваёй акуратнасцю, нейкай далікатнасцю: заўсёды сачыў за сабой, затое і выдзяляўся сярод астатніх прэтэндэнтаў. А іх налічвалася нямала. Раней, ведаеце, не было такой распусты, п’янства. Дзяўчаты маглі пайсці з хлопцамі, куды заўгодна, і ніхто пра цябе не думаў дрэнна. Такая павага была ўзаемная. А калі ўжо ажаніўся, то раз і назаўсёды. Вось і ўвесь сакрэт.

— Памятаю, што я толькі з арміі вярнуўся, было гэта акурат перад Новым годам, — дапаўняе Іосіф Феліксавіч жончын расказ. — Пазнаёміліся дзе? Ну вядома ж, на танцах, дзе ж яшчэ! О-о-о, колькі дзяўчат прыходзіла! Выбар — вялізны. А яна сціплая стаяла, была адна такая, — усміхаецца. — Прывабная была, ну і я так нічога сабе!

Узаемная сімпатыя не прымусіла доўга чакаць: хутка маладыя сыгралі вяселле. Без раскошы і шматлікіх гасцей распісаліся ў клубе. Пачалі абжывацца. Цяжка было, дапамогі чакаць не прыходзілася. Удваіх муж і жонка завочна вучыліся ў педінстытуце, адзін за адным выпраўляліся на сесіі. «Хто толькі нашых дзяцей не даглядаў, — кажа Ірына Паўлаўна, — без добрых людзей, суседзяў не пражылі б ніколі. Аднак клопаты збліжалі, жыццё ж будаваць трэба было. Словам, жылі не тужылі, ды і некалі нам было сумаваць».

Вучыліся разам і працавалі таксама разам. Усё жыццё муж і жонка Мірыновічы прысвяцілі Опсаўскай школе-інтэрнату, децям. Ірына Паўлаўна была настаўніцай пачатковых класаў, Іосіф Феліксавіч — фізкіраўніком. Абодва працавалі і выхавальнікамі. Сваю работу ведалі і любілі, без яе не ўяўлялі быцця, мабыць, таму і яно здавалася ім не шэрымі буднямі, а цікавым сумесным падарожжам.

— Мы не заседжваліся на месцы: то на працы, то ў хоры на рэпетэцыі, то званне пацвярджаць, — расказвае І. Мірыновіч. — Паездзілі па былым Саюзе, нават за граніцай былі неаднаразова. Я больш, бо для мужа Опса — такое месца, якое надоўга ён пакінуць не можа. Увогуле мы розныя: я — рухавая, ён — прыземлены, я — запальчывая, ён — разважлівы. Так і аджылі 50 гадоў з палярнымі характарамі. Ён (муж), ведаеце, што сказаў на юбілеі: столькі цябе трываю, буду трываць ужо і далей. А каб былі аднолькавымі, то, напэўна, разбегліся б. Меркаванні ў нас і цяпер, калі пражылі столькі гадоў побач, не супадаюць.

Пяць дзесяцігоддзяў прайшло недарэмна: у Мірыновічаў нарадзіліся дзве дачкі, ёсць унукі. Сваімі дзецьмі, выхаванымі ў лепшых традыцыях савецкага часу, бацькі ганарацца. Годнымі людзьмі растуць нашчадкі. Усе яны дапамаглі зрабіць свята незабыўным. Ірына Паўлаўна з задавальненнем дэманструе падарункі: дэкарыраваныя келіхі, кубкі з памятнымі надпісамі, бутэлькі шампанскага з фотаздымкамі юбіляраў, тэматычныя медалі, дыпломы і калажы. Усё гэта — пацвярджэнне ўзаемнага кахання, павагі, даверу і адданасці даўжынёю ў 50 гадоў. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.