Вучань школы № 2 стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу

Люди

На фота: Дзяніс Мацеша і педагог Мая Кандрацьева.

На рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых краязнаўчых работ вучань школы № 2 Дзяніс Мацеша заняў 2 месца ў намінацыі «геаграфічнае краязнаўства».

Конкурс праходзіў у тры этапы. Першы — раённы — адбыўся зімой у Браслаўскім ЦДіМ. Пасля перамогі ў ім работа хлопчыка разам з даследаваннямі Мікіты Вайтанца і Алены Мішчанка з Кансталінскай школы была адпраўлена ў Віцебск. Адтуль дзеці прывезлі тры дыпломы. Так, Д. Мацеша і А. Мішчанка атрымалі ўзнагароды 2 ступені, а М. Вайтанец — трэцяй.

Абараняць гонар раёна і вобласці ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі былі запрошаны Дзяніс Мацеша і Алена Мішчанка. Абедзве работы былі ацэнены высока: журы адзначыла іх карысную вартасць і актуальнасць, а Д. Мацеша атрымаў дыплом Міністэрства адукацыі.

— Мая работа называлася «Фактары фарміравання назваў меляў азёр Дрывяты і Снуды». Я займаўся яе падрыхтоўкай амаль год пад пільным кіраўніцтвам педагога Маі Іванаўны Кандрацьевай. Разам мы апытвалі мясцовых рыбакоў, наносілі мелі на карту і занатоўвалі паходжанне іх назваў. Атрымалася, што на гэтых азёрах больш за 100 меляў. Пра кожную нам расказалі і паказалі знаходжанне. Цікава было даведацца, як і чаму назвалі тую ці іншую мель. Напрыклад, ёсць назва Чарапы. Яна з’явілася з-за таго, што дно вельмі камяністае, — расказаў хлопчык.

Па словах педагога, работа атрымалася карыснай і цікавай ужо толькі тым, што падобнай інфармацыі падчас пошукаў не было знойдзена ў розных навуковых крыніцах, нягледзячы на вялікую працу з даведнікамі па тапаніміцы і краязнаўстве. Самым жа складаным было правільна нанесці мелі на карту і не пераблытаць іх знаходжанне.

Ацаніла навуковую вартасць даследавання і журы ў Мінску, якое прысудзіла яму другое месца. Але на гэтым Дзяніс Мацеша разам з педагогам не збіраюцца спыняцца. У іх планах — вывучыць мелі і яшчэ некаторых азёр Браслаўшчыны. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.