Леанід Паляк удастоены звання «Лепшы па прафесіі»

Люди
Кажуць, няма ў сельскай гаспадарцы лёгкай работы. Праца на зямлі патрабуе шмат сіл, цярпення і намаганняў. Многа прафесій існуе ў аграрнай сферы, але дзякуючы ім, сціплым і непрыкметным героям, у нас кожны дзень ёсць хлеб і да хлеба на стале.

Механізатар ААТ «Агравідзы» Леанід Паляк не любіць асаблівай увагі да сваёй персоны, але часта трапляе на старонкі нашай газеты, бо штогод ходзіць у перадавіках. Сам гаворыць, што не рвецца ў лідары, проста працуе сумленна, а інакш не ўмее.

Дырэктар прадпрыемства кажа, што Л. Паляк працавіты і адказны чалавек. Усё, што яму даручаюць, робіць з душой, таму і паважаюць гэтага механізатара за яго старанне і адказнасць калегі па працы, спецыялісты таварыства. На яго раўняюцца іншыя хлебаробы. Такія, як ён, задаюць тэмп падчас любой сельскагаспадарчай кампаніі.

Пра адносіны гэтага механізатара з тэхнікай скажу асобна. За свой больш як 20-гадовы стаж Леанід Яўгенавіч паспрабаваў у рабоце розныя агрэгаты, і калі яны траплялі да яго ў рукі, пакуль не давядзе да ладу — не выедзе. Адносіцца да тэхнікі вельмі беражліва. Кожны вечар Л. Паляк, вяртаючыся з поля, не зважаючы ні на стомленасць, ні на позні час, абавязкова вымые свой транспарт. Толькі тады ідзе дадому.

Пры размове з Леанідам Яўгенавічам пацікавілася, чым той займаецца зімой: напэўна, сумна без работы такому рупліваму чалавеку? Ён жа з усмешкай адказаў, што ў зімовы перыяд на трактары абслугоўваў ферму: дастаўляў кармы, вывозіў гной. А ў лютым яшчэ і новенькую «Расу» абкатаў — падсяваў канюшыну. Рамантаваў тэхніку. Таму часу сумаваць у яго не было. Тым больш што і дома гаспадарку трымае, трэба і там паспець.

Словам, Леанід Паляк — чалавек вопытны і адказны. Калі за што бярэцца — выконвае якасна. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.