Без хімпрэпаратаў — нікуды. Як у «Відзаўскім» рыхтуюць насенне да сяўбы

Деньги
Каб мець добры ўраджай, нельга абмінаць важную працэдуру пратручвання зерня, бо яе правядзенне дазваляе знізіць страты ўраджаю на 50 % і больш. Перш чым пакласці насенне ў глебу, яго трэба апрацаваць спецыяльным хімічным саставам — гэта абароніць зярнятка і будучы колас ад хвароб і кузурак. Таму ў кожнай гаспадарцы, згодна з тэхналогіяй вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур, абавязкова пратручваюць увесь насенны матэрыял.

У КУСП «Відзаўскі» на працягу зімы ішла ачыстка зерня, яго сартаванне, закуп эліты і сортаабмен. Нядаўна ж пусцілі ў дзеянне набытую некалькі гадоў таму назад машыну ОПС-20. Увесь час на ёй працуе рабочы склада Часлаў Валушка.

— Агрэгат дазваляе за гадзіну працы абараніць ад хвароб каля 4 тон насення збожжавых, — кажа Ч. Валушка. — Пакуль што не спяшаемся: апрацоўваю столькі, колькі патрэбна на дзень сяўбы. Хоць ужо зразумела, што тэрміны пасяўной будуць сціслымі і на нас ускладзена вялікая адказнасць.

Дырэктар гаспадаркі Уладзіслаў Бэйнар характарызуе Часлава Фляр’янавіча толькі станоўча. «Галоўнае, — кажа ён, — за гэтым работнікам не трэба хадзіць ззаду і правяраць, як ён выканаў тое ці іншае заданне. Калі яму даручыў — будзь спакойны: зробіць лепшым чынам».

Дарэчы, да працы з ядахімікатамі рабочых прадпрыемства падрыхтавалі загадзя. Перш за ўсё правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, нагадалі правілы аховы працы і, зразумела, забяспечылі спецадзеннем, рэспіратарам, рукавіцамі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.