Марыя Манкевіч узнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама

Люди
Пра тое, што ў Відзаўскім каледжы працуюць крэатыўныя педагогі і настаўнікі, сапраўдныя майстры сваёй справы, сведчаць шматлікія перамогі навучэнцаў на разнастайных узроўнях. Немалы ўклад у агульную скарбонку дасягненняў установы адукацыі ўнесла і выкладчык спецыяльных дысцыплін Марыя Манкевіч.

Маладой дзяўчынай пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі прыехала яна на Браслаўшчыну.

— Пасля насычанага жыцця ў сталіцы, — узгадвае жанчына, — было цяжкавата звыкнуцца з цішынёй мястэчка. Але калегі мяне сустрэлі добразычліва, дапамаглі ўладкавацца з жыллём, падтрымалі ў рабоце. Так і засталася.

Ініцыятыўная Марыя з энтузіязмам акунулася не толькі ў навучальны працэс, а і ў грамадскую дзейнасць вучылішча. Арганізоўвала спаборніцтвы, выставы і шматлікія іншыя мерапрыемствы. У хуткім часе дзейнага педагога абралі сакратаром пярвічнай арганізацыі камсамола ўстановы адукацыі.

— Адказная пасада, — кажа М. Манкевіч, — патрабавала і значнага ўкладу ў работу, таму намагалася працаваць з поўнай аддачай.

І як адзначаюць калегі, ёй гэта ўдавалася, бо энергічны маладзёжны лідар сама заўсёды з задавальненнем была ў цэнтры падзей.

Апошніх 10 гадоў жанчына ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю каледжа. І на гэтай пасадзе яна насычала жыццё працоўнага і вучнёўскага калектываў яскравымі момантамі, стаяла на абароне інтарэсаў людзей.

За шматгадовую бездакорную прафесійную і грамадскую дзейнасць і з нагоды юбілею Марыю Манкевіч узнагародзілі Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, якую ва ўрачыстай абстаноўцы ёй уручыў дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў. Шмат добрых слоў сказаў ён у адрас педагога, падкрэсліў яе прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці, надзейнасць і самааддачу ў працы. У пацвярджэнне гэтаму кіраўнік адзначыў М. Манкевіч падзякай.

Павіншаваў жанчыну з юбілеем і старшыня райкама прафсаюза АПК Мікалай Вялічка, які выказаў былому лідару прафкама каледжа ўдзячнасць за работу і ўручыў ёй памятны падарунак. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.