«Надае настрой, жаданне працаваць і ствараць». Меркаванне чытача, які 45 гадоў выпісвае раёнку

Главное Калейдоскоп
Сёлета раённай газеце спаўняецца 80 гадоў, і ўвесь гэты час яна інфармуе мясцовых жыхароў пра жыццё нашага краю. Вельмі прыемна, што ў выдання ёсць пастаянныя чытачы. Адзін з іх — браслаўчанін Генадзь Швец.

— Знаёмства з «Браслаўскай звяздой» пачалося ў 1974 годзе, — кажа суразмоўца, — калі прыехаў сюды з сям’ёй па размеркаванні пасля заканчэння медыцынскага інстытута на пасаду галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна. Разумеючы значнасць друкаванага слова, прыйшоў у рэдакцыю, каб пазнаёміцца з калектывам і дамовіцца пра публікацыі прафілактычнага зместу. Так пачалося наша цеснае супрацоўніцтва, якое працягваецца да сённяшняга дня.

Зразумела, адзначае Генадзь Швец, у розныя гады на старонках газеты адлюстроўваліся адметныя вехі жыцця нашага краю. Змяняўся змест, структура і характар «Браслаўскай звязды». Цяпер яна значна адрозніваецца ад ранейшых нумароў: каляровая, яскравая, больш насычаная па тэматыцы.

— Аднак, — падкрэслівае наш чытач, — лічу, што газета павінна быць поўнасцю беларускамоўнай, як і выходзіла першапачаткова.

Кожны нумар раёнкі чытаем з жонкай ад першай старонкі да апошняй. Цікавімся дзейнасцю і планамі мясцовых органаў улады, работай калектываў сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, прадпрымальніцтва. Усе гэтыя напрамкі асвятляюцца ўсебакова і цікава. Абавязкова абмяркоўваем прачытанае.

Вельмі патрэбна, на мой погляд, рубрыка «Пра што пісала газета», бо павінна захоўвацца гістарычная памяць і маладому пакаленню трэба ведаць, якімі ідэямі жылі іх бацькі і дзяды.

Як нагадвае Г. Швец, яму самому часта даводзілася друкаваць у раёнцы артыкулы па прафілактыцы захворванняў, фарміраванні здаровага ладу жыцця ды і проста цікавыя жыццёвыя гісторыі. І трэба адзначыць, што яны заўсёды адрозніваліся актуальнасцю і дасціпнасцю, умелай падачай матэрыялу. Ды, напэўна, гэта і не дзіўна, бо бацька ў Генадзя Грыгор’евіча быў членам Саюза журналістаў СССР і з дзяцінства вучыў свайго сына граматнай прыгожай мове.

— Здаўна друкаванае слова, — кажа Г. Швец, — фарміруе погляды і мысленне людзей, заклікае іх да дзеянняў. Газета — тая сіла, што надае настрой, жаданне працаваць і ствараць. Таму лічу, чытанне — справа неабходная. З гэтай нагоды перад калектывам «Браслаўскай звязды» стаіць важная задача — пастаянна быць у пошуку новых падыходаў у асвятленні мясцовых падзей. І прыемна адзначыць, што журналістам гэта добра ўдаецца. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.