Юная браслаўчанка Вольга Стэльмачонак — лаўрэат конкурсу літаратурна-музычнай творчасці «Благавест над Полацкам»

Люди
Прыгожым фінальным акордам прагучаў конкурс літаратурна-музычнай творчасці «Благавест над Полацкам», які прайшоў у Полацкім гарадскім палацы культуры на завяршэнні Каляднага тыдня.

Па традыцыі на гэтае мерапрыемства запрашаюцца адораныя дзеці з усёй вобласці. Сёлета прыняла ў ім удзел і вучаніца 11 класа Слабодкаўскага ЯССШ Вольга Стэльмачонак.

Здольнасць да спеваў дзяўчына пераняла ад свайго бацькі, які мае мілагучны голас і яшчэ ў школьныя гады выступаў у складзе ансамбля.

У дзяцінстве Вольга радавала сваімі спевамі родных і блізкіх, цяпер аўдыторыя яе слухачоў значна павялічылася, бо яна заўсёды выступае на ўсіх школьных мерапрыемствах.

Зразумела, любому таленту патрэбна агранка сапраўднага майстра. Такім спецыялістам для дзяўчыны стала настаўніца музыкі Ірына Зыкава.

— Акрамя таго, што Вольга вельмі таленавітая, — кажа педагог, — яна адказная, адкрытая і жыццярадасная дзяўчына. Займацца з ёй — адно задавальненне. Таму не дзіўна, што ў школе яе ўсе называюць «наша сонейка».

Выдатніца, спартсменка і прыгажуня, В. Стэльмачонак яшчэ захапляецца фатаграфіяй. Маючы мастацкую натуру, дзяўчына з лёгкасцю прыкмячае прыгожыя пейзажы, якія потым застаюцца на здымках. Свае работы Вольга выстаўляе ў сацыяльных сетках і заўсёды атрымлівае за іх «лайкі».

Перад паездкай на полацкі конкурс дзяўчына ўпарта займалася са сваім педагогам. Для выступлення падабралі прыгожую і даволі складаную для выканання песню, настаўніца працоўнага навучання пашыла сцэнічны касцюм.

У спаборніцтве талентаў, адзначае І. Зыкава, удзельнічалі шмат адораных і добра падрыхтаваных дзяўчат і хлопцаў з усёй вобласці, таму канкурэнцыя была сур’ёзная.

— Атмасфера за кулісамі панавала рабочая і сяброўская, — расказвае Вольга, — усе дапамагалі адзін аднаму. Тым не менш перад выхадам на сцэну вельмі хвалявалася, дрыжалі і рукі, і ногі. А калі загучала мелодыя, мяне адразу адпусціла і словы самі паліліся.

Выдатнае выкананне, сцэнічны вобраз і харызма юнай браслаўчанкі спадабаліся строгаму журы, і ў намінацыі «Вакальная творчасць. Сола» нашай юнай зямлячцы прысудзілі дыплом ІІ ступені.

Шмат прыемных уражанняў, па словах маіх суразмоўніц, пакінула цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт. Закранулі шчырыя словы віншавання архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які прысутнічаў на свяце творчасці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.