Шматдзетная маці Анжэла Вавінская: «Побач са сваімі рыцарамі адчуваю сябе як за каменнай сцяной»

Главное
З нараджэннем дзіцяці на бацькоў кладзецца нямалы груз клопатаў і абавязкаў. З усёй адказнасцю яны пачынаюць разумець, што значыць жыць для іншых. І найлепшая ўзнагарода за намаганні — радасць у вачах дзяцей і іх вясёлы смех.

У гэтым трывала ўпэўнены браслаўчане Анжэла і Васілій Вавінскія, якія гадуюць траіх сыноў.

Шаснаццаць гадоў таму назад маладая сям’я з радасцю сустрэла нараджэнне свайго першынца Кірыла. Хлопчык падрос і, як многія дзеці, стаў прасіць у бацькоў браціка. Праз восем гадоў яго мара споўнілася і ў доме зазвінеў галасок Косці. А ў хуткім часе на свет з’явіўся яшчэ і Мікіта.

— Вялікую сям’ю не планавалі, — кажа Анжэла, — але ўсе дзеці жаданыя і любімыя. І побач са сваімі рыцарамі адчуваю сябе як за каменнай сцяной.

Штодзённыя хатнія клопаты бацькам не ў цяжар, бо, па словах Васілія, ёсць пастаянная работа і дапамога дзяржавы, а значыць, выгадаваць і пракарміць дзяцей змогуць. Жанчына працуе памочнікам выхавальніка ў яслях-садзе № 1, а мужчына — на цэнтральнай кацельні КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». Выхаваць сыноў годнымі людзьмі, залажыць у іх добрае і светлае — такое пытанне паўстае перад мужам і жонкай пастаянна.

Але рызыкну дапусціць, што хваляванні бацькоў дарэмныя. Дзяцей у першую чаргу вучыць сям’я. А прыклад сямейных адносін у хлопцаў годны.

У доме Вавінскіх пануе атмасфера дабрыні, гармоніі і парадку. Ніхто не дзеліць хатнія абавязкі на свае і чужыя: хто свабодны, той і займаецца надзённымі справамі. Шмат часу сям’я праводзіць разам. Зімовымі вечарамі гуляюць у шашкі і праходзяць розныя ўзроўні настольных гульняў, выбіраюцца пакатацца на лыжах, каньках і санках, летам разам з сябрамі выязджаюць на прыроду, дзе абавязкова наладжваюць спартыўныя спаборніцтвы. З іскрынкай адзначаюць дні нараджэння. Такое сумеснае правядзенне часу, упэўнены Анжэла і Васілій, збліжае і аб’ядноўвае, дапамагае пазбегнуць непаразуменняў і незадаволенасці.

Старэйшы сын Кірыл вучыцца ў 11 класе СШ № 1. Сур’ёзны і разважлівы хлопец радуе бацькоў сваімі поспехамі ў вучобе. Ды і як жа інакш, бо марыць ён звязаць свой лёс з прафесіяй ваеннага. А без грунтоўных ведаў і фізічнай загартоўкі там ніяк не абысціся. Кірыл яшчэ і надзейны памочнік, які прыглядзіць за малодшымі, прыгатуе смачную вячэру. А нядаўна авалодаў азамі гульні на гітары. Другакласнік Косця любіць матэматыку і пры гэтым асоба творчая, з фантазіяй. Незвычайныя мадэлі тэхнікі з розных матэрыялаў штодзень папаўняюць яго «аўтамабільны гараж». Свой характар фарміруецца і ў пяцігадовага Мікіты.

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў сям’і ёсць новая трохпакаёвая кватэра, у якой цяпер робяць рамонт.

Для Анжэлы і Васілія Вавінскіх іх сям’я — самае дарагое і бясцэннае шчасце. Ім не бывае разам сумна. Галоўнае, лічаць муж і жонка, падаваць дзецям асабісты прыклад шчырых адносін і здаровага ладу жыцця. Тады, бясспрэчна, яны ўжо ў сваіх сем’ях закладуць асновы дабра, узаемапавагі і будуць шчаслівымі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.