«Віцебскэнерга» будзе дасылаць СМС пра адключэнне святла

Главное
Цяжка нават уявіць сучаснае жыццё без электрычнасці. Мы так да яе прывыклі, што заўважаем толькі тады, калі яна знікае. Але калі вы загадзя будзеце ведаць пра адключэнне, то гэта, несумненна, зменшыць рызыку негатыўных наступстваў.

Пра планавыя і аварыйныя адключэнні электраэнергіі жыхары нашага раёна могуць даведвацца з дапамогай SMS-паведамленняў. Падключыць такую паслугу можа любы жадаючы, прычым бясплатна. У такім разе магчыма скарэкціраваць свае планы: напярэдадні лепш працепліць дом, адвезці на пэўны час дзіця да бабулі, выкарыстаць прадукты, якія хутка псуюцца, і г. д. Новы SMS-сэрвіс менавіта для гэтага і створаны.

У атрыманым напярэдадні SMS-паведамленні будзе інфармацыя пра дату і працягласць планавага адключэння. Жыхары горада і раёна, у якіх ёсць жаданне падключыць такую паслугу, могуць патэлефанаваць у «стол даведак» Браслаўскага ўчастка энергазбыта па нумары 32-6-11.

Нагадаю, што, акрамя планавых, здараюцца і аварыйныя адключэнні электраэнергіі. У такіх выпадках многія браслаўчане адразу набіраюць нумар аварыйна-дыспетчарскай службы электрычных сетак. Першы тэлефонны званок садзейнічае арганізацыі аднаўлення электразабеспячэння, а вось дзясяткі, часам і сотні наступных толькі адцягваюць увагу дыспетчара ад непасрэднай работы па ліквідацыі непаладак. І ў дадзеных выпадках абаненты, падключаныя да паслугі SMS-паведамлення, на працягу 20 мінут атрымаюць інфармацыю пра аварыйнае адключэнне ў сетцы 10 кВ, а гэта значыць, што дыспетчар ведае, дзе і як ідзе ліквідацыя пашкоджання ў электрычных сетках. Пры такой схеме яму ўжо не давядзецца марнаваць час, адказваючы на званкі. ■

Руслан ЛАПКО,

дырэктар РЭС.