Машыніст бульдозера Пётр Бірук: «Парадак жа павінен быць усюды, у тым ліку і на сметніку»

Люди
У беларускай сельгасвытворчасці калёсная тэхніка даволі даўно амаль цалкам замяніла трактары на гусенічным ходзе. Тым не менш у некаторых галінах без такіх універсальных машын ніяк не абысціся. Гусенічныя трактары паспяхова выкарыстоўваюцца ў меліярацыі, на торфараспрацоўках, у лесанарыхтоўчай вытворчасці і будаўнічай індустрыі, а таксама для агратэхнічных работ на няўстойлівых глебах.

У браслаўскіх арганізацыях тэхніку на гусенічным ходзе прымяняюць у ПМС, нацыянальным парку, на торфабрыкетным заводзе. На ДТ-75 у КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» вось ужо 15 гадоў працуе машыністам бульдозера і адначасова сартавальнікам Пётр Бірук.

Амаль кожны свой працоўны дзень, прычым як зімой, так і летам, Пётр Часлававіч праводзіць на сямі вятрах — на гарадскім палігоне для цвёрдых бытавых адходаў плошчай 3 га. Бульдозерам ён выраўноўвае і ўтрамбоўвае прывезеныя на палігон рэшткі прадуктаў і прадметаў, якія выкарыстоўваліся ў быце і страцілі свае спажывецкія характарыстыкі. Толькі МАЗы камунальнай службы кожны месяц прывозяць на ўтылізацыю каля 200 рэйсаў бытавых адходаў. Яшчэ па дагаворы з «Браслаў-камунальнікам» на карыстанне палігонам да сямі арганізацый самастойна прывозяць смецце, якое ўтварылася на прадпрыемствах і падобнае па сваім складзе з бытавым. Хоць тэхнічнае смецце, другасныя матэрыяльныя рэсурсы нельга ўтылізаваць на палігоне, але, вядома ж, туды ўсё роўна трапляюць розныя рэчы, здольныя пашкодзіць шыны. Таму і непрыдатная калёсная тэхніка для работы на звалках.

Састарэлы ДТ-75, які некалькі разоў выпрацаваў ужо свой рэсурс, Пётр Бірук старанна падтрымліваў у рабочым стане да сёлетняй вясны.

«Бульдозер, які даўно аджыў свой век, «дыхаў» дзякуючы працавітым і ўмелым рукам Пятра Часлававіча, — упэўнена сцвярджае начальнік транспартнага ўчастка «Браслаў-камунальніка» Генадзь Цітовіч. — У палявых умовах машыніст не раз літаральна «перасыпаў» яго. Толькі гэты факт пра многае сведчыць».

«Так сказаць, «новаму» трактару таксама 28 гадоў, — усміхаецца Пётр Бірук, — але ў дзіцячым доме нагрузка ў яго была невялікая. З месяц «пагуляўся» з ім, цяпер працуе. Лічы, тэхніка яшчэ «агонь», хоць без паломак і не бывае, цяпер вось карэтка падвескі рассыпалася…».

На палігоне Пётр Часлававіч вядзе і ўлік прывезеных бытавых адходаў: узважвае іх, правярае ў вадзіцеляў суправаджальны пашпарт. Бывае, што і грамадзяне ў прыватным парадку прывозяць на палігон бытавое смецце. У такім разе ў іх павінна быць квітанцыя з «Браслаў-камунальніка» аб аплаце ўтылізацыі адходаў. Яшчэ адна падстава, каб не дазволіць высыпаць на палігон рэшткі прадуктаў і прадметаў, — наяўнасць сярод іх другаснай сыравіны: яна павінна быць адсартавана.

«Калі мяне няма на палігоне, выконваю на бульдозеры іншыя даручэнні кіраўніцтва, — расказвае машыніст, — часта і густа грамадзяне выгружаюць смецце дзе папала, прама на дарозе. Асабліва такая заганная з’ява паўтараецца летам. Відаць, не абыходзіцца тут без турыстаў, якія збіраюцца на свае дачы. Парадак жа павінен быць усюды, у тым ліку і на сметніку».

Выгружаныя пад нагамі адходы даводзіцца ўпарадкоўваць Пятру Часлававічу. Раз-пораз абыходзіць ён і вакол усяго палігона, прыбірае тое, што паспеў разнесці па навакольнай тэрыторыі вецер.

Абслугоўвае П. Бірук і 14 міні-палігонаў: спіхвае адвалам раскіданае смецце ў адно месца, раўняе, прысыпае зямлёй. Жартуе, што толькі тыдні 2 таму назад вярнуўся з круізу па наваколлях Відзаў, Богіна, Купчэляў, Баруноў, Слабодкі і Друі, куды перавозілі яго разам з бульдозерам для навядзення парадку на вясковых міні-палігонах. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.