Працаваць сумленна — такое жыццёвае крэда абрала для сябе Яніна Бабуль

Люди
Менавіта яно дапамагае жанчыне крочыць па жыцці не апускаючы рук і падымацца па кар’ернай лесвіцы.

Яшчэ дзяўчынай яна прыйшла працаваць на ферму ў СВК «Маяк Браслаўскі». Хутка ўлілася ў калектыў, не цуралася цяжкай працы, старалася выканаць яе бездакорна. Працавітасць і старанне далі свае вынікі, і як толькі на адной з МТФ вызвалілася месца загадчыцы, кіраўніцтва назначыла менавіта яе.

Яніна Іванаўна стала кіраваць невялікім калектывам, і гэта ў яе добра атрымлівалася. Уменне ладзіць з людзьмі, ісці на кампраміс, але трымацца свайго меркавання — за гэта Я. Бабуль паважае і цэніць кіраўніцтва СВК. Таму з цягам часу жанчына заняла пасаду заатэхніка другога аддзялення.

Сёння яна кантралюе тэхналагічны працэс на трох МТФ і двух цялятніках. Пераязджаючы ад адной фермы да другой, заатэхнік сочыць, каб жывёла ўтрымлівалася ў належных умовах, была своечасова накормлена і дагледжана. Таксама ў яе абавязкі ўваходзіць распрацоўка штодзённага рацыёну цялят і дарослай жывёлы. Яніна Іванаўна трымае цесную сувязь з загадчыкамі ферм, ветурачом і галоўным заатэхнікам гаспадаркі — гэта дапамагае быць у курсе падзей, адной з першых даведвацца пра складанасці і праблемы.

Я. Бабуль, як граматны і неабыякавы спецыяліст, вядзе калектыў да працоўных перамог, што бачна па надоях і прывагах. Напрыклад, сёлета па выніках працы за 9 месяцаў надой на 1 фуражную карову па аддзяленні склаў 5 915 тон — гэта на 499 кг больш, чым у сярэднім па гаспадарцы. Сярэднясутачная прывага на дарошчванні цялят склала 839 грамаў, што на 67 больш за мінулагодні паказчык, а на дарошчванні маладняку старэйшых узростаў узялі 657 грамаў (плюс 8 г да 2017 года). ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.