Грошы на вецер, ці Як у Браславе падыходзяць да рамонту дарог і двароў

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Час бяжыць імкліва. Не паспееш азірнуцца, як браслаўчанам давядзецца сустракаць удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Як кожны дбайны гаспадар загадзя прыбірае ў хаце, каб годна прыняць гасцей, так і ў горадзе папярэднія планы па яго добраўпарадкаванні пачалі ўжо набіраць сваю сілу.

Так, на гарадскім стадыёне зямля футбольнага поля падрыхтавана для перазалужэння. Уздоўж вуліцы Кастрычніка акуратна і прыгожа пасаджана звыш 500 даволі экзатычных раслін. Восеньскае надвор’е яшчэ дазваляе праводзіць работы па добраўпарадкаванні тэрыторый ля другой гарадской школы і каля дзіцячага сада № 3.

Паміж домам па адрасе Кастрычніка, 29 і аднайменнай вуліцай увогуле з’явілася прывабная зялёная зона з новым пешаходным пераходам, абсаджаным дрэўцамі. На жаль, некаторыя жыльцы з навакольных кватэр усё роўна чэшуць да «Еўраопта» абы-дзе, бяздумна зразаючы вуглы па газоне.

І гэта зусім не адзін непрыемны момант, бо на абы-дзе накладваецца яшчэ і абы-як.

Некалькі дзён таму назад гарадская камунальная служба тут жа ў дварах паміж шматкватэрнымі дамамі № 40 і № 42; № 41 і № 42 правяла ямкавы рамонт праездаў, прычым так неахайна, што брыдка глядзець.

У адным месцы ў выбоіны наляпалі асфальту, ды так, быццам статак кароў прайшоў, пакінуўшы пасля сябе расплясканыя бліны.

Катком жа, відаць, паслужыў уласны трактар «Браслаў-камунальніка», бо пасля такога ўтрамбоўвання і выраўноўвання паверхні застаўся глыбокі і выразны след пратэктара «Беларуса». А на паралельным праездзе рамонтнікі ўвогуле засыпалі калдобіны дробным пяском, які хутка размые восеньскімі дажджамі.

Не лепшым чынам парамантавалі ўчастак вуліцы Слабодскай і меліяратары. Гады 4 таму назад ПМС праводзіла па ёй водаправод. За гэты час з-за асаблівасцей грунту штраба ў асфальце ў нізкім месцы выразна прасела, з’явіліся небяспечныя для руху транспарту калдобіны.

Вось меліяратары, маючы ў наяўнасці са спецыялізаванай тэхнікі толькі вібрапляцоўку, і зараўнавалі іх саматужным спосабам, зноў, значыць, абы-як: праехаць — можна, а паглядзець — агідна. Лічы, дарэмна змарнавалі 5 тон асфальту.

Зразумела, што далёка не заўжды нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. Дык ці варта ў такім разе ўвогуле рабіць штосьці так, каб потым усё роўна перарабляць? ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.