Эканоміка СВК «Маяк Браслаўскі»: лічбы як факты

Деньги
Агульная рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі і прыбытак ад яе продажу — эканамічныя паказчыкі, якія для многіх нашых сельгаспрадпрыемстваў даўно сталі ці не марай. У гэтым плане арыенцірамі гаспадарлівага і ўдумлівага падыходу да арганізацыі ўсіх вытворчых працэсаў павінен служыць вопыт СВК «Маяк Браслаўскі», дзе, за рэдкім выключэннем, прадукцыя рэалізуецца па цэнах, значна вышэйшых за сабекошт.

Паколькі размову пра вынікі работы кааператыва за 9 месяцаў бягучага года вяла з галоўным эканамістам гаспадаркі Леанардай Радзіёнавай, зразумела, што яна расказала не столькі пра падыходы да атрымання рэнтабельнай прадукцыі, колькі пра канкрэтныя лічбы. А яны ўражваюць. І, думаю, большасць з іх будуць цікавымі для нашых чытачоў і тых, хто заняты ў гэтай сферы дзейнасці, — кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў.

Дык вось, на канец года ў «Маяку Браслаўскім» плануецца выручыць 21 095 тыс. рублёў, а прыбытак складзе 1 394 тыс. руб. Агульная рэнтабельнасць чакаецца 8 %, а ад продажу — на 0,6 % вышэйшай. Сярэднямесячная заработная плата за ўзгаданы перыяд склала 706,7 рубля і ўзрасла на 85,1 руб. у параўнанні з мінулым годам.

Рэальныя гэтыя паказчыкі ці не, можна меркаваць па выніках работы за пражытыя тры кварталы. Зноў вяртаюся да лічбаў. Тэмп росту валавой вытворчасці да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 104 %, на столькі ж вырасла і прадукцыйнасць працы. І гэта нягледзячы на тое, што па асобных паказчыках некалькі накірункаў дзейнасці ў параўнанні з леташнімі праселі. Нарошчванне прываг БРЖ, рэалізацыя свіней у жывой вазе і малака, продаж рапсу дапамаглі збалансаваць сітуацыю.

Скажам, кошт рэалізацыі малака ў заліковай вазе ўзрос на 29 %, свіней — на 4 %. Паралельна скарачаліся і энергазатраты на вытворчасць і ўмоўныя адзінкі прадукцыі, што і дае магчымасць працаваць рэнтабельна, а павелічэнне колькасці нарыхтаваных кармоў (зноў жа пры зніжэнні затрат) — гарантыя таго, што да канца года планавыя паказчыкі будуць выкананы. Напрыклад, на сёлетнюю зімоўку аб’ёмы запасаў сена да мінулагодніх павялічыліся на 61 %, сіласу — у 2 разы. Значыць, апошнія 2 месяцы года будуць значна сытнейшымі, чым летась, а ў «Маяку» ад скормленага ўмеюць атрымліваць прыбыткі.

Пасля ўсіх прыведзеных Леанардай Бярнардаўнай лічбаў можна было б расказаць пра тое, як і за кошт чаго працаўнікам сельгаскааператыва ўдаецца дабівацца такіх высокіх паказчыкаў. Адказ тут просты: варта пагартаць нашу газету, дзе ва ўсіх матэрыялах пра СВК «Маяк Браслаўскі» чырвонай ніткай праходзяць адны і тыя ж падыходы да работы: укараненне перадавых тэхналогій, перайманне вопыту замежных калег, удасканальванне напрацаванага. І з кім бы ні даводзілася весці размову, са старшынёй праўлення Рамуальдам Шукялём, яго намеснікам па свінагадоўлі Людмілай Арцем’евай, галоўным аграномам Валянцінай Таўкінь, заатэхнікам Леанідам Барткевічам, ветурачом Раманам Паляком ці спецыялістамі сярэдняга звяна — усе яны, як адзін, прытрымліваюцца гэтага падыходу да работы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.