Аляксандра Марозава з Браслава стварае «дрэўцы шчасця»

Люди Отдых
У філіялах УП «Віцебскаблгаз» працуюць прафесіяналы сваёй справы, разам з тым яны яшчэ і творчыя асобы. Пра гэта ведаюць, бадай, ці не ўсе. Але іх супрацоўнікі не толькі выдатна спяваюць і танцуюць. Некаторыя з іх у свой вольны час займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

Аляксандра Марозава, вядучы спецыяліст па кадрах ВУ «Браслаўгаз», напрыклад, папаўняе свае жыццёвыя сілы і атрымлівае новы прыток энергіі падчас такога занятку, як тапіярый. Гэта модны накірунак у рукадзеллі, які заключаецца ў стварэнні дэкаратыўных дрэўцаў з кафейных зерняў, штучных кветак, атласных стужак, гафрыраванай паперы, гузікаў і іншых нестандартных матэрыялаў.

Такія сувенірныя дрэўцы ў гаршчочках, створаныя сваімі рукамі, уражваюць адмысловасцю сваёй формы. Лічыцца, што яны могуць не толькі ўпрыгожыць любы інтэр’ер, але і прынесці шчасце, удачу.

— Штучную кветкавую кампазіцыю ў выглядзе дрэўца гадоў дзесяць таму назад мне падарыла радня мужа з Латвіі, — успамінае Аляксандра. — Вельмі спадабалася. Вырашыла паспрабаваць самой ствараць «дрэўцы шчасця». Атрымалася — і захапіла. Спачатку падглядвала ў інтэрнэце, што патрэбна для асновы такога дрэўца — кветкавы гаршчок, карзіна ці металічная банка, у якую мацуецца ствол. Яго ролю таксама могуць выконваць падручныя матэрыялы. Напрыклад, у апошняй маёй тапіярнай кампазіцыі ён быў выкананы з металапластыкавай трубы для цёплай падлогі. Уся ж прыгажосць, лічу, заключаецца ў кроне, якая звычайна вырабляецца ў выглядзе шара і можа быць упрыгожана, чым пажадае душа, што падкажа фантазія.

Аляксандра Янаўна паясняе, што тапіярый не капіруе ні адно з дрэў, якія існуюць у прыродзе. Гэта менавіта плод фантазіі самой рукадзельніцы. Штучнае дрэўца можна стварыць пад любы інтэр’ер і ў залежнасці ад памераў размясціць на кніжнай паліцы, століку для часопісаў ці на падлозе. Тапіярый — неблагая альтэрнатыва гаршковым раслінам і кветкам, асабліва для тых, хто не вельмі любіць у хаце флору. Догляд дэкаратыўнага дрэўца вельмі просты: яго не трэба паліваць, а пыл лёгка здуць пыласосам ці фенам. «Праўда, у сваёй кватэры на сённяшні дзень не засталося ні адной кампазіцыі, — усміхаецца жанчына.— Усе падораны родным і знаёмым. Нездарма ж кажуць, што шавец без ботаў».

Стварае Аляксандра Марозава тапіярыі і спецыяльна для выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якую штогод праводзіць УП «Віцебскаблгаз». Яна вельмі маштабная, тым не менш «дрэўцы шчасця» браслаўскай майстрыхі трэці год запар займаюць на ёй першае месца. І гэтая акалічнасць таксама натхняе рукадзельніцу на палёт творчай думкі, пошук унікальных аўтарскіх ідэй. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.