100 гадоў УЛКСМ: ветэраны камсамола сустрэліся з браслаўскай моладдзю

100 лет ВЛКСМ
Дваццаць дзявятага кастрычніка споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння камсамола. Дата, як і раней, застаецца важнай падзеяй для многіх — як шматлікіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення, чыё юнацтва прыйшлося на росквіт арганізацыі, так і сучаснай моладзі, якая ў радах БРСМ прадаўжае іх справу. Для многіх беларусаў УЛКСМ, звязаны з рамантыкай вялікіх здзяйсненняў, стаў сапраўднай школай жыцця і назаўжды застанецца ў памяці. Таму па ўсёй краіне напярэдадні юбілею прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай значнай даты. Адно з такіх адбылося ў першай гарадской школе.

На прысвечаную 100-годдзю УЛКСМ сустрэчу сабраліся ў актавай зале старшакласнікі, педагогі і запрошаныя госці, людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй — былы малалетні вязень Алена Угарэнка і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта.

Узгадаўшы найбольш яркія моманты гісторыі ўтварэння і станаўлення маладзёжнай арганізацыі, вядучыя прапанавалі ветэранам камсамола падзяліцца з вучнямі вопытам. І трэба сказаць, А. Угарэнка і Л. Мікшту было што ўспомніць. Усе ўважліва слухалі гасцей, якія з юнацкім запалам расказвалі пра свае камсамольскія гады, тагачасныя справы і традыцыі. Старшакласнікі атрымалі ўнікальную магчымасць даведацца пра падзеі ад непасрэдных іх удзельнікаў. Цікавасць выклікалі таксама значкі, граматы ды дыпломы той далёкай для сённяшніх школьнікаў эпохі. У ходзе дыялога прысутныя параўналі накірункі працы камсамольцаў і сучаснай моладзі, высветлілі, у чым іх падабенства і адрозненне. Прагучалі і шчырыя словы наказу ў адрас маладога пакалення.

Вучні старэйшых класаў СШ № 1 актыўна далучаюцца да грамадскага жыцця, уліваюцца ў рады БРСМ. Сімвалічна, што ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел ветэраны камсамола. А двум дзясяткам навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці школы і горада, дырэктар установы Тамара Стома ўручыла падарункавыя выданні «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Урачыстую частку мерапрыемства надзвычай гарманічна дапоўнілі яркія музычныя нумары ў выкананні школьных спевакоў і танцораў. Сустрэча розных пакаленняў атрымалася цікавай, змястоўнай і, безумоўна, карыснай у плане пераемнасці традыцый. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.