Пайшоў па слядах бацькі. Міністэрства ЖКГ адзначыла Падзякай зваршчыка Міхаіла Александровіча

Люди
Міхаіл Александровіч, электрагазазваршчык рамонтна-будаўнічага ўчастка КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік», карыстаецца заслужанай павагай у працоўным калектыве прадпрыемства. За высокі прафесіяналізм, адказнае і скрупулёзнае выкананне вытворчых заданняў ён занесены на Дошку гонару арганізацыі, а сёлета ўзнагароджаны і Падзякай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Міхаіл ніколькі не вагаўся з выбарам прафесіі: пайшоў па слядах бацькі, які ўсё жыццё адпрацаваў зваршчыкам у калгасе «Перамога». Пад яго наглядам сын з дзяцінства асвойваў азы гэтай нялёгкай справы. Калі ж закончыў Дрысвяцкую школу, калгас накіраваў выпускніка атрымліваць прафесійныя навыкі электрагазазваршчыка на віцебскім маторарамонтным заводзе.

Хутка атрыманыя веды і практычныя ўменні спатрэбіліся ў арміі. Большую частку сваёй тэрміновай службы прызыўнік правёў у аўтарамонтнай майстэрні: разам са слесарамі рыхтаваў ваенную тэхніку да маршаў, тэхаглядаў, займаўся і яе паўсядзённым абслугоўваннем. «Бывала, што суткамі даводзілася «прападаць» у гаражах», — успамінае М. Александровіч.

Тая армейская загартоўка не прайшла бясследна. Дзе б потым ні працаваў Міхаіл, ён вельмі спакойна ўспрымаў і ўспрымае па сённяшні дзень сітуацыю, калі дапамога зваршчыка можа спатрэбіцца ў выхадныя ці святочныя дні, у начны час.

Прайшлі ўжо 22 гады, як М. Александровіч укладвае сваімі спрактыкаванымі рукамі акуратныя металічныя швы. Цяпер ён аднолькава віртуозна валодае як зварачнай вілкай з электродам, так і гарэлкай для газазваркі. Тым не менш прафесіянал кажа, што ўсё роўна трэба пастаянна вучыцца, бо абсталяванне абнаўляецца і нельга адставаць ад часу. «Калі шво ўкладзена правільна і па тэхналогіі, то мацнейшага і больш даўгавечнага злучэння дзвюх металічных дэталей, чым зварка, не прыдумалі яшчэ нічога», — заўважае Міхаіл.

Сваё зварачнае абсталяванне спецыяліст рамонтна-будаўнічага ўчастка перавозіць на мотаблоку, даручаным яму арганізацыяй. Сам жа яго і абслугоўвае. І калі дзесьці пацякла батарэя ацяплення, водаправод у кватэры ці падвале, кран выйшаў са строю, то часцей за ўсё ў такіх выпадках слесарам і сантэхнікам без зваркі не абысціся. І Міхаіл разам з імі накіроўваецца на сваім металічным кані на ліквідацыю аварыйнай сітуацыі. У летні перыяд ён больш заняты на замене цепласетак. У горадзе, бадай, не знойдзеш ніводнага ўчастка замененай цеплатрасы, дзе б не ўдзельнічаў у работах М. Александровіч.

— Што самае складанае ў рабоце? — на развітанне пытаюся ў зваршчыка.

— Цесната, — не задумваючыся, адказвае ён, — калі да аварыйнага месца ніяк не падступіцца. Але калі ведаеш, што і як рабіць, а побач з табой вопытныя слесары і сантэхнікі, то разам усё атрымліваецца. А яшчэ перасцярога што-небудзь не спаліць, працуеш жа з полымем высокай тэмпературы. На шчасце, за 20 гадоў нічога не спаліў, — усміхаючыся, дадае Міхаіл, — хоць сам апёкі не раз атрымліваў. Варыць даводзіцца ў розных позах і становішчы. Нягледзячы на спецвопратку, распаленыя іскры часам усё роўна знаходзяць дарогу да цела. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.