«Браслаўская звязда» — крыніца інфармацыі як для людзей старэйшага пакалення, так і моладзі

Главное
Раённая газета па сваёй сутнасці павінна быць той трыбунай, той пляцоўкай, на якой асвятляецца сапраўднае жыццё з яго радасцямі і расчараваннямі, поспехамі і непазбежнымі праблемамі. Менавіта так лічыць інструктар-інспектар па эксплуатацыйных пытаннях Браслаўскага РВПС Святлана Жыгадла.

— Люблю чытаць нашу «Браслаўскую звязду». Яна для мяне як родная. Вельмі важна ведаць, што адбываецца ў нашым горадзе і вёсках, і раёнка дае такую магчымасць.

Выданне разнастайнае, дагаджае розным густам. Цікавую інфармацыю можа знайсці як моладзь, так і людзі старэйшага пакалення.

Асабіста мне падабаюцца артыкулы пра таленавітых браслаўчан, удала газета піша пра культуру і спартыўныя навіны. З цікавасцю чытаю краязнаўчую і гістарычную інфармацыю.

Шмат прыемных хвілін прыносяць «Нявыдуманыя гісторыі» і агляд матэрыялаў мінулых гадоў.

Заўсёды кранаюць сэрца прыгожыя радкі мясцовых паэтаў.

Не прамінаю ўвагай рэкламу і віншаванні.

Радуе тое, што супрацоўнікі раёнкі пастаянна імкнуцца да абнаўлення, робяць выданне больш прывабным. На развітанне Святлана пажадала калектыву рэдакцыі і далей асвятляць разнастайныя надзённыя падзеі, каб газета далей заставалася цікавай і шматпланавай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.