Кіраўнік Відзаўскіх ясляў: «Вельмі важна, каб у дзетак былі добрыя сучасныя ўмовы»

Люди
Дзіцячы сад — асаблівы цудоўны свет, дзе маленькія гарэзы набываюць першыя веды, вучацца сябраваць і перамагаць. Таму педагогі дашкольных устаноў прыкладаюць усе намаганні, каб зрабіць жыццё дзяцей насычаным, цікавым і пазнавальным. Але яшчэ большая адказнасць кладзецца на плечы загадчыка ўстановы.

У поўнай меры ў гэтым ўпэўнілася малады спецыяліст Ірына Ліманоўская, якая з верасня мінулага года кіруе відзаўскімі яслямі.

Зразумела, гэта крыху не тое, пра што марыла дзяўчына. Яшчэ ў школе яна захапілася мілагучнасцю беларускай мовы і з задавальненнем вывучала яе асаблівасці на ўроках сваёй настаўніцы Элы Дзегелевай, чытала шмат літаратуры. Таму з вызначэннем будучай прафесіі не вагалася і паступіла на філфак.

Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына з радасцю вярнулася ў родныя Відзы.

— Чатыры гады пражыла ў вялікім горадзе, — кажа дзяўчына, — але так і не прывыкла да яго шуму і мітусні. Увесь час марыла знайсці работу каля дома.

На жаль, па спецыяльнасці вакансіі для маладога спецыяліста не знайшлося. І давялося І. Ліманоўскай узяць на свае дзявочыя плечы адказнасць за 32 дзяцей і 13 супрацоўнікаў ясляў.

З юнацкім запалам і сучасным поглядам на свет узялася яна за справу. Ужо вясной на летняй дзіцячай пляцоўцы з’явіліся казачны домік, горка, самалёцік, кветка, пафарбаваныя ў вясёлыя колеры. Прыемнае ўражанне пакідае і ўнутранае абсталяванне і афармленне пакояў.

Тым не менш у дзейнай, энергічнай Ірыны яшчэ шмат разнастайных планаў па добраўпарадкаванні дзіцячай установы.

— Вельмі важна, — упэўнена І. Ліманоўская, — каб у дзетак былі добрыя сучасныя ўмовы для развіцця і выхавання.

Зразумела, аднаму справіцца з намечанымі задачамі немагчыма. Таму малады загадчык вельмі ўдзячна супрацоўнікам, на якіх можа паспадзявацца.

Пакуль дзяўчына не загадвае на будучыню, але ўпэўнена ў адным: лепш, чым на радзіме, нідзе не будзе. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.