Шануйце мір і незалежнасць! Што нам хочуць паспець сказаць ветэраны

Главное

Шмат гадоў прайшло з таго часу, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 70 гадоў, дзякуючы самаахвярнаму подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, мы жывём пад мірным небам. На жаль, усё менш застаецца сярод нас тых, хто памятае смяротны подых ваенных часоў: сёння ў Браслаўскім раёне жывуць усяго 12 ветэранаў…

І вельмі важна, каб сучаснае і будучыя пакаленні лічылі сваім абавязкам, сваёй свяшчэннай місіяй захаваць праўду пра тыя суровыя і гераічныя гады і ганарыцца бяспрыкладным подзвігам беларускага народа.

Не менш значны для нас, нашчадкаў, і мудры наказ тых, хто перажыў жахі ваеннага ліхалецця.

Са словамі запавету і пажадання да маладога пакалення праз газету звяртаецца ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, браслаўчанін Павел Бульскі:

— Выбухі нямецкіх бомбаў спынілі наша мірнае жыццё. І ўсе — ад малога да старога — паўсталі на абарону сваёй Радзімы. Шмат цяж- кіх выпрабаванняў давялося вытрымаць. Але мы выстаялі. І толькі агульнымі намаганнямі, стоячы плячо да пляча, змаглі перамагчы ворага. Складаным было і пасляваеннае жыццё. Разбурэнне, голад, холад… Тым не менш наш народ пабудаваў прыгожую, незалежную і міралюбівую краіну. Болем у сэрцы адгукаюцца выказванні тых, хто намагаецца прынізіць ролю Чырвонай Арміі ў барацьбе з фашызмам і адняць у нас Вялікую Перамогу. Таму заклікаю ўнукаў і праўнукаў памятаць пра самаахвярны подзвіг савецкага народа і расказваць пра яго сваім дзецям. Працягвайце слаўныя баявыя і працоўныя традыцыі старэйшага пакалення. Сёння ў свеце зноў адчуваецца подых «ледзяной вайны». І каб захаваць суверэнітэт і стабільнасць нашай Беларусі, народу трэба стаць адзіным цэлым і не паддавацца на розныя правакацыі.

Любіце і беражыце цудоўную Беларусь, рабіце ўсё, каб наша Айчына і далей квітнела і прыгажэла. Жывіце ў міры і ўзаемапаразуменні!

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара