Амаль 20 гадоў Іна Рутко кожную раніцу спяшаецца да сваіх падапечных

Деньги Люди

111— Цяляткі як малыя дзеці. Яны адчуваюць, з якім настроем ты прыйшоў да іх, пазнаюць цябе, што называецца, у твар. А калі які захварэе, глядзіць такімі жаласлівымі вачыма, быццам просіць хутчэй дапамагчы аблегчыць яго пакуты, — з такіх слоў пачала размову аператар групы дарошчвання маладняку БРЖ ААТ «Друйскі» Іна Рутко.

Амаль 20 гадоў запар кожную раніцу жанчына садзіцца на веласіпед і едзе з пасёлка цагельнага завода на ферму «Друйск», каб накарміць і напаіць сваіх гадаванцаў, стварыць камфортныя ўмовы для іх утрымання. І, як прызналася, гэтая работа ёй ніколькі не ў цяжар, наадварот, радуе і нават прыцягвае тым, што бачна, як нядаўна забраны ад даярак маладняк на вачах набірае вагу, расце. Зразумела, пры такіх адносінах да выканання сваіх абавязкаў Іна дабіваецца і адпаведных вынікаў. Калі за 10 месяцаў у сярэднім па гаспадарцы ў групах дарошчвання маладняк набіраў у суткі па 529 грамаў прываг, то ў яе (а даглядае яна 170 галоў) — па 614 пры меншым расходзе кармоў на цэнтнер прыросту жывой масы.

Дарэчы, як і большасць вясковых дзяўчат, пасля заканчэння школы І. Рутко не збіралася працаваць у гаспадарцы. Пайшла вучыцца на кандытара. Вучоба давалася лёгка, выбраная прафесія падабалася. Вытворчую практыку праходзіла на браслаўскім хлебазаводзе, дзе яе старанне і ўменне ацанілі і абяцалі пасля заканчэння вучылішча працаўладкаваць на прадпрыемстве. Але пакуль атрымала пасведчанне, на заводзе пачаліся скарачэнні і месца маладому спецыялісту ўжо не знайшлося.

Спачатку яна паспрабавала сябе ў якасці фармоўшчыцы цэглы на мясцовым заводзе, а калі тагачасны старшыня калгаса імя Машэрава Аляксандр Кіцук прапанаваў пайсці на ферму, не адмовілася. І цяпер не шкадуе.

У час нашай размовы заўважыў яшчэ адну акалічнасць яе характару: Іна не любіць расказваць пра сябе. Пастаянна імкнецца скіраваць гутарку на іншых. Гаварыла, які ў яе старанны падвозчык кармоў Андрэй Хмялеўскі, якая ўважлівая і добразычлівая загадчыца фермы Ірына Стэльмачонак, як па першым выкліку прыязджаюць ветэрынары, а сама яна быццам бы і ні пры чым. Праўда, усё ж адзін раз сказала:

— Працую, як падказвае сумленне. Навошта ж брацца за справу, калі рабіць усё абы з рук, яе трэба любіць. І з гэтым нельга не згадзіцца.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.