Алег Талапін кіруе перадавым калектывам

Деньги

У народзе пануе павер’е, што няма горшай работы для мужчыны, як кіраваць жаночым калектывам. А вось загадчык малочнатаварнай фермы «Навінка» ААТ «Агравідзы» Алег Талапін з такім вывадам карэнным чынам не згодны. Мо з гарадскімі, лічыць ён, і цяжка працаваць, са сваімі ж вясковымі жанчынамі заўсёды можна знайсці агульную мову. І знаходзіць яе вось ужо на працягу 14 гадоў. Нездарма ж калектыў фермы займае перадавыя пазіцыі ў гаспадарцы, неаднаразова выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва. Вось і сёлета па выніках работы за 10 месяцаў МТФ «Навінка» прызнана лепшай у раёне.1

У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўзгаданая ферма, мовячы тагачаснымі тэрмінамі, лічылася ўзорна-паказальнай. Туды на вучобу вазілі заатэхнікаў і ветурачоў раёна, аператараў машыннага даення і тэхнікаўасемянатараў. Аднак ці то калектыў зазнаўся, ці то яшчэ па якіх прычынах справы пачыналі ісці ўсё горш і горш. У галоўнага заатэхніка нават узнікала думка расфарміраваць пагалоўе, а памяшканне часова закансерваваць. Але ў пачатку 2003 года кіраўнік гаспадаркі прапанаваў мясцоваму вадзіцелю Алегу Талапіну ўзначаліць ферму. Праўда, была яшчэ адна ўмова: асвоіць спецыяльнасць тэхнікаасемянатара. І Алег згадзіўся. Закончыў курсы пры Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і ўзяўся за работу. Паколькі на ферме працуюць усяго 4 аператары, вялікай чысткі кадраў праводзіць не давялося. Апорай на першым часе стала жонка, якая тут даіла кароў. Ды і астатнія памяталі яшчэ свае лепшыя часы і перамогі ў спаборніцтве. Таму варта было падцягнуць працоўную дысцыпліну, надаць больш увагі тэхналогіі — і ферма пачала адраджацца на вачах. Прыклад жа падаваў і сам загадчык. Трэба было каго падмяніць — сам даіў кароў. А ў хуткім часе ўжо лічыўся і лепшым тэхнікам-асемянатарам раёна.

У «Навінцы» выхад цялят, эфектыўнасць асемянення трымаюцца на самых высокіх пазіцыях. Нездарма ж і цяпер уладальнікі кароў на іх штучнае асемяненне запрашаюць толькі Алега.

Калі з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Святланай Абалевіч наведаліся на ферму, там поўным ходам ішла абедзенная дойка. Загадчык жа перагружаў у тамбур толькі што прывезены камбікорм. На маё пытанне, чаму займаецца гэтым сам, адказаў лаканічна:

— Жанчыны займаюцца сваёй работай, я над імі наглядчыкам ніколі не стаю, бо гэта без патрэбы, яны справу ведаюць. Я ж пакуль не заняты, вось і разамнуся з лапатай, здаравейшы буду.

Сапраўды, як пазней і адзначыла галоўны заатэхнік, на ферме «Навінка» даяркі сваю справу ведаюць і выконваюць яе добрасумленна. На работу, пацвярджала Святлана, жанчыны ідуць як да сваёй уласнай жывёлы. А што датычыць захавання тэхналогіі, то яна ў аператараў на першым плане, бо ў гэтым загадчык фермы спуску не дае і сурова спаганяе за кожнае парушэнне.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.