Аператары машыннага даення малочнатаварнай фермы «Кумпіні» СВК «Маяк Браслаўскі» дояць толькі ЭКСТРА СОРТАМ

Деньги

Аператары машыннага даення малочнатаварнай фермы «Кумпіні» СВК «Маяк Браслаўскі» Вольга Захаранка, Ірына Мацеша, Аксана Цыўнель, Ганна Грыбла, Жанна Ахрамовіч пад кіраўніцтвам загадчыцы фермы Алы Балочка надаілі за жнівень з грамадскага статка ў 129 галоў 97,7 т малака пры сярэднім удоі на карову за месяц 758 кг. Прычым прырост валавой вытворчасці сыравіны да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 122 %, а ўсё надоенае малако рэалізавана толькі сортам экстра.1

Па прадукцыйнасці працы гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод малочнатаварных ферм вобласці, за што калектыву МТФ «Кумпіні» і прысвоена 2-е месца па выніках штомесячнага абласнога спаборніцтва.

У мінулую пятніцу на ферму да жывёлаводаў завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка, каб павіншаваць жанчын з перамогай і ўручыць ім дыплом абласнога камітэта, а таксама памятныя падарункі — электрачайнік і чайны сервіз. Павіншаваў працаўніц фермы за ацэнены ўклад у агульныя дасягненні гаспадаркі і галоўны ветурач СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Паляк. Дарэчы, каб у вольную хвілінку за кубачкам чаю ці кавы абмеркаваць вытворчыя тэмы ці проста пагаварыць пра жыццё-быццё, у пакоі для адпачынку жывёлаводаў створаны бадай ці не ідэальныя ўмовы.

— Што патрэбна, каб дасягнуць такіх поспехаў? — спытаў пасля ўручэння ўзнагарод ва ўсхваляваных жанчын.

— Толькі не ленавацца і шчыра працаваць, — у адзін голас бадзёра адказалі даяркі, радыя ўвазе да іх паўсядзённай справы. — Пра ўсё ж астатняе — збалансаванае кармленне жывёлы, узнаўленне статка, лячэнне кароў — клапоцяцца спецыялісты і кіраўніцтва гаспадаркі.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара