Дамашняе насілле. Маўчаць — не спосаб рашэння праблемы

Происшествия

1353928326308770Мы даўно жывём са стэрэатыпам, што дамашняе насілле — усяго толькі радавая сварка паміж жонкай і мужам, а гвалтоўныя выпадкі ў сям’і разглядаюцца суседзямі як асабістая справа. Таму многія факты гвалту проста не даводзяцца да агульнага ведама.

Тым не менш, адзначае начальнік Браслаўскага РАСК Аляксей Андрэеў, нярэдка на тэрыторыі раёна разгортваюцца бытавыя канфлікты.

Так, у маі супрацоўнікі Браслаўскага РАСК завялі крымінальную справу супраць мясцовага жыхара, які сістэматычна фізічна здзекаваўся са сваёй жонкі. Жанчыне, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, хапіла сіл і стойкасці звярнуцца ў міліцыю, чым, несумненна, спыніла кашмар у сваім доме.

— Сітуацыя сямейнага насілля, — кажа А. Андрэеў, — узмацняецца тым, што ў большасці выпадкаў пацярпелыя жанчыны не звяртаюцца ў праваахоўныя органы па дапамогу, бо не жадаюць выносіць смецце з хаты і чарговы раз даруюць свайму крыўдзіцелю.

Небяспечнасць такіх выпадкаў, падкрэслівае начальнік РАСК, заключаецца ў тым, што беспакаранасць дае штуршок да ўчынення больш жорсткіх пабояў, а часам можа прывесці і да забойства. Таму ён рэкамендуе не замоўчваць выпадкі насілля і абавязкова прыцягваць вінаватых да адказнасці, каб у далейшым пазбегнуць трагічных наступстваў.

■ Алена ПЯТУШКА.