Хлебаробы раёна паступова ўцягваюцца ў працэс веснавых палявых работ

Деньги
1
Юрый Бейнаровіч перад выездам у поле.

Хлебаробы раёна паступова ўцягваюцца ў працэс веснавых палявых работ. Ва ўсіх гаспадарках, акрамя «Альшанкі» і «Новай Гвардыі», вядзецца веснавое ворыва. На сярэдзіну гэтага тыдня механізатары паспелі ўзняць 779 гектараў палеткаў. Праўда, гэта толькі 10,5 % да запланаванага.

З кожным днём на палетках прыбаўляецца пасяўных агрэгатаў. Збожжавыя і зернебабовыя на ўзгаданы час сеялі ў сямі гаспадарках. У «Агравідзах» паклалі зерне ў глебу на плошчы ў 240 гектараў, у «Маяку Браслаўскім» засеялі 73 га, у «Слабодцы-агра» — 35, у «Мяжанах» — 24. Усяго ж яравымі збожжавымі засеяна 415 га, або 3,1 %.

Падкормка азімых збожжавых і рапсу — найпершая задача, якая стаіць цяпер на парадку дня кожнага агранома. Культуры ўступаюць у фазу актыўнай вегетацыі, таму вельмі важна своечасова падсілкаваць іх азотам, каб расліны набралі моцы. Зразумела, што наладзіць падкормку значна прасцей гаспадаркам, якія маюць агрэгаты на пнеўмаходзе. Такіх у раёне 8 адзінак. Імі падкормлена 3 692 гектары азімых збожжавых і рапсу. Менавіта механізатары, якія кіруюць «Росамі» і «Дзвінамі», першымі распачалі сезон веснавых палявых работ. Напрыклад, трактарыст аграсэрвіса Юрый Бейнаровіч на сваёй «Дзвіне» спачатку падсяваў па азімых збожжавых шматгадовыя травы. Гэтую работу ён правёў на 226 гектарах. Пазней падкормліваў цвёрдымі тукамі азімае жыта, цяпер уносіць КАСы на палетках пшаніцы і рапсу. Усяго паспеў падсілкаваць мінеральнымі ўгнаеннямі 413 га.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.