«Браслаўская звязда» прапануе рэцэпт бліноў ад шэф-повара базы адпачынку «Лявошкі»

Калейдоскоп Люди

1 Заканчваецца тыдзень, які ў народзе называюць масленічным. Але калі вы яшчэ не паспелі паласавацца духмянымі і смач- нымі блінамі, то наперадзе субота і нядзеля. Спецыяльна для вас, нашы чытачы, «Браслаўская звязда» прапануе рэцэпт бліноў ад шэф-повара базы адпачынку «Лявошкі» нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» Таццяны Шышла.

У галаве шэф-повара трымаецца з дзясятак рэцэптаў блінчыкаў на любы густ. Аднак яна прапануе прыгатаваць нескладаныя, падуласныя кожнай гаспадыні, да таго ж з даступных прадуктаў бліны пад назвай «Заварныя» ці «Ажурныя». Падрыхтоўваем інгрэдыенты — яйкі, кефір, ваду, цукар, соль, разрыхляльнік, масла, алей, муку, ванілін.

А пакуль спрактыкаваныя рукі повара разводзяць цеста, завязваецца размова і не толькі пра бліны. Аказваецца, па сваёй першай адукацыі Т. Шышла медсястра, аднак лёс склаўся так, што аднойчы дапамагла сястры-повару і незаўважна сама ім стала. Так у канцы 90-х жанчына атрымала другую прафесію і цяпер працуе шэф-поварам у сферы турызму: абслугоўвае шматлікіх турыстаў у «Лявошках», а іх, дарэчы, у сезон бывае больш за 70 у дзень. Невялікі перапынак, працягам у зіму, — і зноў госці запоўняць базу. Праўда, домікі на любы густ і кашалёк нават падчас халодных месяцаў не пустуюць: аматары палявання і рыбнай лоўлі даўно аблюбавалі гэтыя мясціны. Прыязджаюць звычайна расіяне і беларусы, з ліку апошніх пераважна мінчане.

Пад патрэскванне разагрэтай патэльні пытаюся ў Таццяны, чым жа яна корміць і здзіўляе турыстаў.

2— Тымі ж самымі блінамі, — прызнаецца повар, наліваючы чарговы, — іх любяць і дарослыя, і дзеці, таму гатаваць прыходзіцца вельмі часта. Каму з мачанкай, каму з варэннем ці тварагом, каму малочныя ці на мінералцы, — варыянтаў процьма. А ўвогуле ў нас пераважае дамашняя беларуская кухня. Часта заказваюць дзічыну і рыбныя стравы. Стараемся дагадзіць кожнаму кліенту, каб чалавек не проста спатоліў голад, але і атрымаў эстэтычнае смакавае задавальненне. Густы, зразумела, неаднолькавыя: былі ў маёй практыцы вегетарыянцы рознай накіраванасці, сыраеды, тыя, хто не есць малочныя прадукты, мучное і г. д. Задача спрашчаецца, калі прыязджаюць пастаянныя кліенты, якіх большасць, а ім ужо ведаеш, што прыгатаваць. Даводзілася карміць не- каторых беларускіх і расійскіх зорак — спевакоў групы «Тяни-толкай», вядучую «Тэлебарометра» Святлану Панкратаву, Андрэя Макарэвіча і самога Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку з сынам Колем.

Разумею, што шэф-повара выбралі мы нездарма. Таццяна лоўка адразу на дзвюх патэльнях напякла талерку бліноў, засервіравала стол і запрасіла на дэгустацыю. Да сваіх ажурных наліснікаў гаспадыня прапанавала варэнне з дурніц ці смятану на выбар і чай. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.