Дырэктар гімназіі Людміла Каптур — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Люди


kaptur«Над бяскрайнім прасторам блакітных азёр, шырока распасцёршы небу крылы, нібы белая чайка, горда ўзвышаецца над гасцінцам пры самым уездзе ў горад мая гімназія — сапраўдны храм ведаў і прыгажосці духу, са сваімі слаўнымі традыцыямі, асобамі, з асаблівым густам і крэатывам». Так пачынаецца эсэ дырэктара гэтай установы Людмілы Каптур, з якім яна ўдзельнічала ў абласным конкурсе «Кіраўнік года — 2016», дзе стала лаўрэатам.

Выдатнымі кіраўнікамі не нараджаюцца, а становяцца. Амаль 20-гадовы прафесійны шлях Людмілы Каптур зрабіў яе такой. Перш чым жанчына стала кіраваць гімназіяй, працавала настаўнікам, метадыстам у аддзеле адукацыі, дырэктарам базавай школы. Аднойчы вызначыўшыся з будучай прафесіяй, яна не здрадзіла свайму выбару. Прызнаецца, што заўсёды перад вачамі былі выдатныя прыклады педагогаў, якія вучылі яе і да якіх яна так хацела быць падобнай. Цяпер яны сапраўды могуць ганарыцца сваёй вучаніцай.

За тыя чатыры гады, што Людміла Іванаўна знаходзіцца ля штурвала вялікага карабля пад назвай гімназія, яна здолела вывесці ўстанову на новы ўзровень. На ўласным прыкладзе даказала, што ініцыятыўнасць і актыўнасць у рабоце могуць прывесці да поспеху. Як вынік, сёння браслаўскую гімназію ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі.

Калегі Людмілы Іванаўны адзначаюць, што яна ўмее планаваць, арганізоўваць і ўмела кіраваць. Значную ўвагу надае стварэнню ўмоў для адукацыйнага працэсу, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназіі. Аднак уся работа дырэктара і яго калектыву накіравана перш за ўсё на тое, каб даць якасныя веды вучням. І паспяховасць гэтага пацвярджаюць лічбы. Кожны год каля 85 % выпускнікоў установы паступаюць у ВНУ. У мінулым годзе дзве вучаніцы сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Тры гады запар гімназія ўваходзіць у 100 лепшых устаноў адукацыі ў краіне па выніках ЦТ.

Пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара ўстанова не толькі дае якасныя веды, але і працуе ў іншых накірунках, такіх як міжнароднае супрацоўніцтва, навуковая і праектная дзейнасць. Так, гімназія з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па ўвасабленні мадэлі «Прадпрымальная школа», членам асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця», рэалізуе абласны творчы даследчы праект «Увасабленне мадэлі школьных бізнес-кампаній» і іншае.

— У мяне распланавана ўсё на 5 гадоў наперад. Ёсць пэўныя мэты, да якіх імкнуся сама і вяду калектыў. Пра адно шкада, што ў сутках толькі 24 гадзіны і часу на ўсё не хапае. Хачу, каб мая гімназія стала сапраўдным рэгіянальным цэнтрам адукацыі і культуры, каб менавіта прэстыж установы даваў магчымасць таленавітым і здольным дзецям вучыцца ў сценах гімназіі. Мару, каб сюды прыязджалі за вопытам з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы. Для гэтага ўжо ёсць багаты зачын, — дзеліцца Людміла Каптур.

Без перабольшвання можна ска- заць, што гімназія для яе — гэта жыццё, прызванне і радасць. Аднак акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, Л. Каптур паспявае прыняць удзел і ў грамадскім жыцці раёна. Яна ўзначальвае раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі, прымае актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях.

У скарбонцы Л. Каптур шмат узнагарод: граматы Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі аблвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, падзяка старшыні райвыканкама. А сёлета ў яе дабавілася яшчэ і ганаровае званне «Чалавек года Браслаўшчыны». ■

Таццяна ПЯТУШКА.