Прафесія са смакам. Тэрэсу Лапко повар кафэ «Сузор’е».

Люди

1Прыемны пах толькі што прыгатаваных страў сустрэў мяне яшчэ на парозе кафэ «Сузор’е». А ўнутры яго поўным ходам кіпела работа. Сваю суразмоўніцу, повара ўстановы Тэрэсу Лапко, я таксама застала за справамі. Пра жанчыну і раней даводзілася чуць шмат станоўчых водгукаў, пацвердзілі іх яе калегі і кіраўніцтва.

Гэта сапраўды добра, калі чалавек укладвае душу ў сваю работу, як гэта робіць Тэрэса Зянонаўна. Не памылюся, калі скажу, што яна — адзін з лепшых і самых вопытных повараў у раёне. Мала хто можа пахваліцца такой колькасцю прыгатаваных смачных страў і ўдзячных водгукаў ад наведвальнікаў кафэ.

Кожны ў дзяцінстве марыў кімсьці стаць. Мая ж суразмоўніца заўсёды ведала, што будзе поварам, таму пасля школы, не вагаючыся, паступіла ў гандлёва-кулінарнае вучылішча ў Даўгаўпілсе, а пасля яго заканчэння вярнулася ў родныя мясціны і адразу ўладкавалася па спецыяльнасці. Вось ужо 41 год яна працуе ў сферы абслугоўвання, не здраджвае любімай прафесіі і нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак не пакінула пасаду. Прызнаецца, што гэта яе прызванне, якому аддала ўсё жыццё.

Цяпер у кафэ менш наведвальнікаў, а вось летам тут сапраўдны «гарачы» сезон. Акрамя тых, хто прыехаў адпачываць, шмат вя- селляў і іншых святаў. Вось і ў мінулым годзе падчас фестывалю «Viva Braslav» кліентаў было столькі, што поварам, у тым ліку і Т. Лапко, даводзілася працаваць цэлымі днямі. Аднак яны справіліся і накармілі сваімі самымі смачнымі стравамі ўсіх жадаючых. Нямала давялося абслужыць і вяселляў, юбілеяў. Бывае, што тады адначасова трэба накарміць да 100 гасцей, і повары працуюць некалькі дзён, нават ноччу. Аднак, зазначае Тэрэса Зянонаўна, стомленасць знікае, калі атрымліваеш сваю галоўную ўзнагароду — словы ўдзячнасці ад кліентаў.

Дарэчы, сярод іх ёсць тыя, хто перавагу аддае толькі кафэ «Сузор’е», бо лічыць, што тут самая смачная ежа. Нямала бывае і гасцей з іншых краін, якія заўсёды падкрэсліваюць, што ў кафэ ўсё прыгатавана па-хатняму. Як расказала мая суразмоўніца, у наведвальнікаў сярод самых папулярных страў, якія яна гатуе, — салаты «Папараць-кветка» і «Юбілейны», святочны стэйк і фаршыраваны шчупак. Да таго ж кожную страву Т. Лапко стараецца не проста падаць на талерцы, а ўпрыгожыць, каб было не толькі смачна, але і прыемна есці. Часам старанны повар прыдумвае новыя салаты ці гарачае, і, калі яны праходзяць пацверджанне тэхнолагамі, уключаюцца ў меню. А вось ідэі для ўпрыгажэння страў бярэ ў інтэрнэце, друкаваных выданнях або проста пачынае эксперыментаваць.

Нягледзячы на тое, што на рабочым месцы спраў у Тэрэсы Зянонаўны хапае, яна заўсёды ўсміхаецца, поўная сіл і энергіі. Паспявае яна і на рабоце, і дома. Не забываецца і пра сваё хобі — кветкаводства, бо любіць, каб каля дома было прыгожа, а вока радавалі кветнікі. Ну а самая вялікая радасць у жыцці жанчыны — тры яе ўнукі, якіх яна так любіць частаваць сваімі самымі лепшымі стравамі. ■

Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.