Новы веласіпед — падарунак ад гасцей

Акции, конкурсы, выступления

27У пераднавагоднія дні асаблівая ўвага была нададзена тым малым, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Не засталіся ў баку ад дабрачыннасці і прафсаюзныя арганізацыі краіны, у тым ліку Браслаўшчыны.

Штогод у рамках акцыі “Нашы дзеці” прафсаюзы ладзяць сваю, якая называецца “Прафсаюзы — дзецям”. Так, на мінулым тыдні, напярэдадні Новага года, старшыні раённага аб’яднання аргані- зацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Павел Сільчонак і раённай арганізацыі прафсаюза аграпрамысловага комплексу Мікалай Вялічка завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Відзах. Не першы год старшыні аб’яднанняў прыязджаюць у госці да яго выхаванцаў. Вось і на гэты раз дзеці сустрэлі П. Сільчонка і М. Вялічку з радаснымі ўсмешкамі, абдымкамі і падзякамі за візіт. Цяпер на выхаванні тут знаходзяцца сем хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзеці наперабой расказвалі, што нядаўна іх дружную сям’ю, а па-іншаму яны не гавораць, папоўнілі хлопчык Славік і дзяўчынка Лера. Падзяліліся яны сваімі поспехамі ў вучобе, расказалі, чым займаюцца ў вольны час і кім мараць стаць. А гаспадыня дома Святлана Дземіткевіч за размовай узгадала радасныя моманты і праблемы з жыцця іх вялікай сям’і, а таксама пачаставала гасцей яблыкамі, якія разам з выхаванцамі вырасціла на сваім прысядзібным участку.

Калі ж дзеці ўбачылі новы веласіпед — падарунак ад гасцей, былі вельмі здзіўлены і ўзрадаваны адначасова. Яны прызналіся, што гэта той сюрпрыз, якога чакалі на Новы год. Таму адразу сталі глядзець, як яго сабраць, і абмяркоўвалі, хто на ім першы пакатаецца.

У такія моманты прыходзіць адчуванне таго, што ўсе намаганні, якія робяць дарослыя ў навагоднія святы, не дарэмныя. Добра, што пра пакрыўджаных сваімі бацькамі дзяцей ёсць каму паклапаціцца. Сапраўды, усе яны нашы дзеці.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара