Грамадская лазня змяніла свой твар

Главное
0003
В обновленной парилке

Грамадская гарадская лазня, пабудаваная ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, па сваім тэхнічным стане ды і вонкавым выглядзе даўно выклікала нараканні браслаўчан. Перыядычныя касметычныя рамонты не маглі штосьці змяніць кардынальна, таму пасля скрупулёзнага аналізу эканамічных затрат на абслугоўванне лазні кіраўніцтва КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” вырашыла ўсё ж такі вынайсці сродкі, каб сёлета яе рэканструяваць.

Каб атрымаць, з аднаго боку, адчувальны эканамічны эфект, а з другога — наведвальнікі лазні ў прамым сэнсе целам адчулі змены ў камфорце мыцця, трэба было найперш цалкам замяніць сістэму ацяплення, парылкі і нагрэву вады.

Паравыя катлы савецкага часу парай награвалі сістэму ацяплення будынка і гарачае водазабеспячэнне, таму “з’ядалі” шмат паліва — не менш за 7-8 кубаметраў дроў у суткі. Замест іх у адрамантаваным падсобным памяшканні ўстанавілі 2 бытавыя вадагрэйныя катлы гродзенскай вытворчасці з каэфіцыентам карыснага дзеяння 80 %.

Нягледзячы на тое, што лазня цяпер цепліцца пастаянна, затраты на выкарыстанне дроў зменшыліся ў 3 разы. Праз цеплаабменнік, устаноўлены ў сістэме ацяплення, вельмі хутка награваецца і вада для мыцця. Печы для парылкі “Везувій” таксама з высокім ККД: патрэбна ўсяго толькі 0,2-0,3 кубічнага метра дроў, каб максімум праз 2-2,5 гадзіны нагрэць каменку, у той час як у старых печах спальвалася да двух кубаметраў драўніны. Планамерна абнаўляюцца ўнутраныя памяшканні парылкі, памывачнай — падлога, столь, вокны і дзверы. Для эканоміі электраэнергіі камунальнікі ўстанаўліваюць самае эфектыўнае на сённяшні дзень святлодыёднае асвятленне. А каб зменшыць павышаную вільготнасць у памывачных для мужчын і жанчын, майстар лазневаасцінічнага ўчастка Генадзь Цітовіч абяцае, што літаральна на днях работнікі “Браслаў-камунальніка” зманціруюць прымусовую вентыляцыю. Дарэчы, усе рамонтныя работы камунальная служба выконвае ўласнымі сіламі, толькі для перакрыцця даху лазні заключыла дагавор з ПМК-42.

Адным словам, грамадская лазня нават у стане рамонту змяніла свой твар і стала больш прывабнай. Апярэджваючы контраргументы скептыкаў, якіх заўжды хапае, хачу сказаць, што ўвогуле неразумна параўноўваць звычайную грамадскую лазню ў правінцыяльным гарадку са спецыялізаванымі комплексамі ў сталіцы ці за межамі краіны. Дарэчы было б успомніць сутнасць прымаўкі кесару — кесарава, а Божае Богу, а даволі камфортна памыцца і папарыцца можна і сёння ў браслаўскай лазні за 6 руб. 50 кап., а каб сэканоміць на гэтай гігіенічнай працэдуры сямейныя сродкі, магчыма набыць абанемент за 20 руб. на 4 памыўкі ў месяц.

Да таго ж для зручнасці аматараў лазні з парылкай, заўважае дырэктар “Браслаў-камунальніка” Віталь Трафімянкоў, плануецца перавесці рэжым яе работы з аднаго на два дні на тыдзень, а ў фае будынка ўстанавіць столікі, дзе можна будзе пасля лёгкай пары пагутарыць са знаёмымі за кубкам прахалоджаных напіткаў.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.