НОВАЯ ГЭС ПРАЦУЕ НАДЗЕЙНА

Главное

001 Браслаўскі раён электрычных сетак абслугоўвае сёння 1 100 км паветраных ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 1 170 км ніз- кавольтных ліній, 645 электрападстанцый. На балансе РЭС знаходзяцца і 2 дзеючыя гідраэлектрастанцыі — Браслаўская і Богінская.

На Браслаўскай ГЭС у Друйску выпрацоўваюць электраэнергію 2 генератары малдаўскай вытворчасці з магутнасцю па 150 кВт кожны. А вось Богінская ГЭС, уведзеная ў эксплуатацыю ў 1961 годзе з генератарам магутнасцю 630 кВт, пасля будаўніцтва Ігналінскай АЭС прастойвала. Але прыйшоў час, калі Мінэнерга Беларусі вырашыла аднаўляць і развіваць малую энергетыку. Дайшла чарга і да Богінскай гідраэлектрастанцыі: летась яе рэканструявалі. Праўда, пасля рамонту генератар-ветэран з-за тэхнічнага стану “страціў” амаль палову сваёй былой сілы і цяпер у стане працаваць з магутнасцю 350 кВт. Але адноўленае абсталяванне знаходзіцца ў рэжыме чакання. Начальнік РЭС Мікалай Райскі (ён суправаджаў мяне ў час паездкі на энергетычны аб’ект і быў маім гідам) тлумачыць:

003— Канструкцыйныя асаблівасці станцыі, пабудаванай амаль 60 гадоў таму назад, такія, што для выпрацоўкі электраэнергіі патрэбны вялікі расход вады. Для нас цяпер гэта нерацыянальна, таму яе генератар уключаецца толькі ў выпадках высокага воднага ўзроўню, калі бываюць паводкі.

Мінэнерга прафінансавала і ўзвядзенне побач з Богінскай ГЭС больш эканамічнай станцыі: падрадная арганізацыя з Брэста выканала будаўнічыя работы, а польская ў маі мінулага года завяршыла мантаж і наладку сучаснага энергетычнага абсталявання з двума генератарамі па 150 кВт.

— Новая ГЭС, — кажа Мікалай Райскі, — цалкам аўтаматызаваная і ў аўтаномным рэжыме выпрацоўвае аб’ём электраэнергіі ў залежнасці ад існуючага ўзроўню вады. Пры магутнасці менш за 30 кВт генератары ўвогуле спыняюцца, а павышаецца ўзровень вады — расце і магутнасць.

На шкале прыбораў начальнік РЭС наглядна праілюстраваў, што на момант маёй экскурсіі на ГЭС дзейнічалі абодва генератары, але не на поўную магутнасць — выпрацоўвалі па 100 кВт•г і праз павышаючы трансфарматар падавалі здабытую электраэнергію ў агульную энергасістэму.

Работу аўтаматызаванага абсталявання кантралюе ўсяго адзін чалавек — машыніст гідраагрэгатаў інжынер-электрык па адукацыі Зянон Ракель. Кожную раніцу ён дакладвае дыспетчару РЭС сумарную выпрацоўку генератараў, ці не здараліся пазаштатныя сітуацыі. Калі аўтаматыка адключае 1 ці 2 генератары, у любы час сутак Зянон павінен высветліць прычыну спынення і неадкладна паведаміць у РЭС дыспетчару. І нават у 2 гадзіны ночы не схаваеш галаву пад падушку, бо пры кожным уключэнні-выключэнні генератараў аўтаматычна прыходзіць СМС-апавяшчэнне начальніку РЭС, галоўнаму інжынеру і дыспетчару. Акрамя таго, параметры работы ГЭС у рэжыме рэальнага часу адлюстроўваюцца на маніторы не толькі ў электрасетках, але і ў польскіх наладчыкаў абсталявання.

Праўда, такія адключэнні, заўважае Мікалай Райскі, практычна заўжды штатныя — з-за нізкага ўзроўню вады. Увогуле ж новая ГЭС працуе надзейна. Яна яшчэ знаходзіцца на гарантыйным абслугоўванні, але за паўтара года выклікаць наладчыкаў з Польшчы даводзілася толькі 2 разы па прычыне нязначных збояў у рабоце аўтаматыкі.

За 11 месяцаў 2016 года абаненты Браслаўскага раёна спажылі 43,6 млн кВт•г электраэнергіі. За гэты ж час Браслаўская і Богінская ГЭС выпрацавалі 1 млн 500 тыс. кВт•г пры плане 1 млн 300 тыс. кВт, што складае 3,4 % ад спажытай электрычнасці насельніцтвам і арганізацыямі раёна.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.