ГОДНАЕ ПАПАЎНЕННЕ

Калейдоскоп Люди Человек и закон

1Ёсць маладыя людзі, якія з будучай прафесіяй і справай жыцця вызначаюцца яшчэ ў школе. Гэта дапамагае не губляць час, а мэтанакіравана ісці да сваёй мэты і дасягаць жаданых вынікаў. З такіх і 4 маладыя спецыялісты, якія даўно марылі пра службу ў праваахоўных органах і ў гэтым годзе папоўнілі рады супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў.

— Кожны год калектыў аддзела прымае маладое папаўненне, якое працягвае лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў і годна абараняе спакой жыхароў нашага раёна. І са свайго вопыту магу зазначыць, што хлопцы з ахвотай і запалам у вачах бяруцца за справу, пры гэтым не баяцца складанасцей, — адзначае намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Часлаў Угарэнка.

Нядаўнія студэнты Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Эдуард Крумплеўскі, Віталь Даргель, Дзмітрый Цітовіч і Яўген Барадзін (на здымку злева направа) сёння — кваліфікаваныя спецыялісты, сумленныя прафесіяналы, не абыякавыя да чужой бяды.

Родам усе хлопцы з Браслаўшчыны, таму пачынаць працоўны шлях ім было не складана: добра ведалі спецыфіку рэгіёну, калектыў аддзела. Не расчараваліся яны і ў сваім першым месцы працы. У калектыве, дзе шмат маладых, іх прынялі ветліва. Эдуард Крумплеўскі і Дзмітрый Цітовіч занялі пасады ўчастковых інспектараў у Слабодкаўскім і Відзаўскім сельсаветах, а Віталь Даргель і Яўген Барадзін будуць працаваць участковымі ў інспекцыі па справах непаўналетніх са складанымі падлеткамі.

У РАУС склалася добрая традыцыя падтрымліваць маладых спецыялістаў. Гэта дазваляе новым кадрам упэўнена рабіць свае першыя крокі ў прафесію.

— У нас свае метады замацавання маладых кадраў,— кажа Ч. Угарэнка.— Як толькі спецыяліст пры- ступае да сваіх абавязкаў, на паўгода за ім замацоўваюць старэйшага і больш вопытнага калегу. Складаецца асобны план, па якім ён будзе працаваць з настаўнікам. Пачынаючы спецыяліст знаёміцца з дакументамі, удзельнічае ў практычных мерапрыемствах. Калі ў маладога чалавека востра ўзнікае праблема з жыллём ці ён прызначаецца ўчастковым на раён, аддзел хадайнічае аб выдзяленні яму кватэры ці пакоя. Моладзь адразу ўключаюць у культурнае і спартыўнае жыццё РАУС, пярвічку БРСМ. Міліцыянеры, якія ў гэтым годзе прыйшлі да нас на службу, ва ўрачыстай абстаноўцы былі прадстаўлены калектыву, ім уручылі табельную зброю, павіншавалі і пажадалі працаваць адказна.

Маладыя людзі прызнаюцца, што хоць служба ў міліцыі і не з лёгкіх, (гэта яны ўжо адчулі), але ў той жа час цікавая. Жыццё падкідвае новыя праблемы, вырашаць якія трэба аператыўна. Веды і жаданне працаваць у маладых міліцыянераў ёсць, а вопыт і ўменне ў іх абавязкова з’явяцца.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара