ДОЙНЫ СТАТАК НА ЗІМОВЫМ РАЦЫЁНЕ

Деньги

1Перавод дойнага статка на зімовастойлавае ўтрыманне — самы адказны перыяд у рабоце жывёлаводаў і зоаветспецыялістаў. Менавіта ад стараннасці і адказнасці першых, граматнай работы другіх залежыць, на які тэрмін расцягнецца непазбежнае ў гэты час зніжэнне прадукцыйнасці жывёлы, перастройванне арганізма на новыя кармы.

Пра тое, як ідзе пераходны перыяд у сельгаспрадпрыемствах раёна, карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч гутарыў з намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Віктарам Казінцом.

— Віктар Іванавіч, давайце пачнём размову з гатоўнасці ферм да размяшчэння кароў.

— На пачатак гэтага месяца ў дойным статку сельгаспрадпрыемстваў утрымлівалася без малога 10 000 галоў БРЖ. Акрамя двух комплексаў, дзе каровы ўтрымліваюцца круглы год (‘‘Маяк Браслаўскі’’ і ‘‘Агравідзы’’), усё астатняе пагалоўе размяшчаецца на 44 малочнатаварных фермах. Кіраўнікам была пастаўлена задача — завяршыць перавод гуртоў на зімовы рацыён да 20 кастрычніка. Ужо 17 кастрычніка ўвесь дойны статак, акрамя дзвюх ферм, стаяў на прывязі. Толькі на МТФ ‘‘Слабодка’’ і ‘‘Густаты’’ (ААТ ‘‘Слабодка-агра’’ і КУСП ‘‘Браслаўскі’’) не паспелі завяршыць рэканструкцыю: там работы будуць весці 2-3 дні, таму жывёла яшчэ не пастаўлена.

— У першы тыдзень пасля пераводу кароў на зімовы рацыён пры ўсім старанні пазбегнуць зніжэння прадукцыйнасці жывёлы амаль немагчыма. Аднак мінімізіраваць непазбежныя страты можна. Ці спраўляюцца з гэтым нашы жывёлаводы?

— Сапраўды, нам не ўдалося пазбегнуць падзення вытворчасці малака. Справа ў тым, што амаль усе гурты пасвіліся восенню па атаве бабовых культур, атрымліваючы ўдосталь бялку. Каб збалансаваць рацыён, рэкамендавалася ў сянаж дабаўляць не менш за 30 % зялёнай масы і канцэнтраты з утрыманнем 18 і больш працэнтаў караціну. Зялёнку выкарыстоўвалі ўсе, а вось камбікорму не хапае, адсюль і страты.

— Ведаю, што запасы зернефуражу ў гаспадарках, акрамя ‘‘Маяка Браслаўскага’’ і ‘‘Агравідзаў’’, бедныя. Але ж імі можна распарадзіцца па-гаспадарску. Даць па максімуме ў пераходны перыяд, астатняе пакінуць да масавых ацёлаў.

— Поўнасцю згодны з такім падыходам. Толькі вось на месцах не заўсёды рабілі так. Скажам, у ААТ ‘‘Бярозавы край’’ на 10 кастрычніка — пачатак пераходнага перыяду — валавы надой складаў 7,2 тоны, або 142 % да ўзроўню леташняй зімоўкі. На 21 кастрычніка ж вытворчасць малака не перавышае 4 т, ці 82 % да мінулага года. Пры гэтым на зніжэнні прадукцыйнасці дойнага статка адбіваецца не толькі нізкая спажыўнасць рацыёну, а яшчэ і неналежная арганізацыя працы жывёлаводаў. Іншы прыклад па ‘‘Мяжанах’’. Там валавы надой з пачатку зімоўкі знізіўся на тону. Але надоі вышэйшыя, чым летась, на 35 %. І ёсць перспектыва ў бліжэйшыя дні нагнаць упушчанае. Думаю, што і астатнія падцягнуцца. Бо на сённяшні дзень, акрамя названага ‘‘Бярозавага краю’’ ды яшчэ ‘‘Альшанкі’’, астатнія хоць і знізілі валавую вытворчасць у пачатку пераводу жывёлы на зімоўку, але ж дояць больш, чым у мінулым годзе. Дарэчы, трэба адзначыць, што СВК ‘‘Маяк Браслаўскі’’ і ААТ ‘‘Агравідзы’’ зімоўку пачалі без страт.

— Віктар Іванавіч, у нас нярэдка здаралася так, што, пераводзячы дойны статак на зімовастойлавае ўтрыманне, зусім забываліся пра маладняк. Як справы з ім?

— Як і было даручана, усе цяляты груп дарошчвання да 10 кастрычніка пастаўлены ў памяшканні. Дзе няма добрай пашы для цялушак дазлучнога і злучнога ўзростаў, яны таксама пераведзены на зімоўку. Астатнія, пакуль не захаладае, будуць пасвіцца. І асаблівых праблем з іх пераводам узнікнуць не павінна.

— Дзякуй за змястоўную гутарку. ■