ПЕДАГОГ — ПРАФЕСІЯ ТВОРЧАЯ І СТВАРАЛЬНАЯ

Калейдоскоп Новости

2 Настаўнік — гэта першы пасля бацькоў чалавек, памяць пра якога застаецца калі не назаўсёды, то вельмі надоўга. У школьныя гады мы, як губка, убіраем у сябе ўсё добрае, што дае нам педагог. Набытыя веды і вопыт становяцца базай для далейшага развіцця чалавека.

У нядзелю настаўнікі, работнікі адной з самых масавых і запатрабаваных прафесій, адзначылі сваё свята. Напярэдадні яго, у пятніцу, у РЦК адбылася цырымонія ўшанавання педагогаў раёна “Прызнанне — 2016”.

Па-святочнаму апранутыя віноўнікі ўрачыстасці літаральна ўсіх узростаў — ад нядаўніх студэнтаў да паважаных пенсіянераў — сабраліся на гэтае мерапрыемства.1

У фае культурнай установы гучала прыемная музыка, была разгорнута выстава салодкіх шэдэўраў, мастацкіх вырабаў і сельгаспрадукцыі таленавітых і працавітых педагогаў раёна. З захапленнем удзельнікі ўрачыстасці разглядалі экспанаты выставы і каштавалі смачныя прысмакі калег.

Адкрыў свята намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын. Ён адзначыў, што прафесія педагога лічыцца самай высакароднай, стваральнай, творчай і адначасова складанай і адказнай, а выхаванне дзіцяці — гэта вялікая і значная праца. Максім Аляксандравіч падкрэсліў, што большасць педагагічных кадраў Браслаўшчыны — людзі нераўнадушныя, таленавітыя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія творча развіваюць і захоўваюць лепшыя традыцыі нацыянальнай адукацыі, з’яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі.

Пасля цёплых віншавальных слоў М. Чагарын уручыў настаўніку матэматыкі гімназіі Валянціне Мірановіч Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі, граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымалі педагог ЦДіМ Аліна Багдановіч, педагог-арганізатар СШ № 1 Людміла Бяляўская, дырэктар Слабодкаўскага ДССШ Ірына Гапон, настаўніца музыкі СШ № 2 Аксана Дзярук, загадчык аддзялення ЦДіМ Ала Лук’янец, дырэктар Ахрэмаўскага ДССШ Анатолій Невярковіч, дырэктар Відзаўскага ДССШ Віктар Сарбай, настаўнік працоўнага навучання Опсаўскага ДССШ Леанід Стрыновіч, педагог-арганізатар гімназіі Іна Шавец.4

Затым на сцэну падняліся пераможцы намінацыі “Да вяршынь педагагічнага поспеху”. Граматы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама кветкі, словы віншавання і ўдзячнасці ад начальніка аддзела Івана Абаровіча атрымалі 18 чалавек.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч ганаровымі граматамі і ўдзячнасцямі абласнога камітэта прафсаюза адзначыла самых актыўных прафсаюзных лідараў.

Не засталіся без увагі, віншаванняў, памятных падарункаў і педагогі, якія сёлета выйшлі на 3заслужаны адпачынак. Вядучыя ўзгадалі асноўныя вехі працоўнай біяграфіі кожнага з іх, а з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі можна было ўбачыць іх фотаздымкі ў маладосці. Шмат цёплых і ўдзячных слоў ветэраны педагагічнай нівы пачулі ад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірыны Мацук.

Віншаванні і ўзнагароджанні перамяжоўваліся цудоўнымі музычнымі нумарамі таленавітых педагогаў і выхаванцаў ЦДіМ і вучняў гарадскіх школ. Завяршыла святочную праграму выступленне калектыву Полацкага гарадскога Палаца культуры.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара