На старце вучэбнага года

Главное

1Праз некалькі дзён вясёлы школьны званок пакліча дзяцей за парты. Пачнецца новы навучальны год, з пэўнымі задачамі, планамі, мэтамі і марамі. Пра гатоўнасць школ, новаўвядзенні ў вучэбным працэсе і асаблівасці правядзення Дня ведаў у раёне карэспандэнт газеты Таццяна Пятушка пагутарыла з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірынай Мацук.

— Ірына Віктараўна, напрацягу лета ва ўстановах адукацыі кіпела работа, каб у жніўні прайсці выпрыбаванне прыёмкамі. Усе ўстановы атрымалі пашпарты гатоўнасці?

— На добраўпарадкаванне тэрыторый, гульнявое і вучэбнае абсталяванне, рамонт скарыстана нямала бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. Тыдзень камісія дасканала правярала ўстановы адукацыі. Вынікі станоўчыя. Усе аб’екты адукацыі падрыхтаваны да новага навучальнага года і могуць прымаць дзяцей. Адзінае, у Друйскім дзіцячым доме былі выяўлены некаторыя недахопы, аднак установа прынята з умовай ліквідацыі праблем да кастрычніка.

— Заўсёды значную дапамогу школам і садкам аказваюць папячыцельскія саветы, спонсары і шэфскія арганізацыі. Так было і ў гэтым годзе?

— У многіх установах адукацыі наладжаны шматгадовыя сувязі са спонсарамі і шэфамі. Вось і сёлета яны актыўна дапамагалі. Так, ПМК-42 і МКК набылі для СШ № 2 мэблю і іншыя рэчы. За сродкі Слабодкаўскага сельсавета адрамантавана лесвіца ў мясцовай школе. Відзаўскі сельсавет дапамог Дрысвяцкай школе абнавіць агароджу, а КУСП “Відзаўскі” — адрамантаваць кабінеты пачатковых класаў. СВК “Маяк Браслаўскі” дапамог з рамонтам Пагашчанскага садка і спартыўнай залы гімназіі. Шмат зроблена пры дапамозе папячыцельскіх саветаў.

— Амаль кожны год адбываецца рэарганізацыя сістэмы нашых навучальных устаноў. Якія школы і сады сёлета зачынены ці перапрафіліраваны?

— Цяпер у сістэме адукацыі раёна 36 устаноў: 18 школ, 11 дзіцячых садкоў, ЦДіМ, дзіцячы дом сямейнага тыпу, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы дом, ДЮСШ, Відзаўскі ДПТК, сацыяльна-педагагічны цэнтр. З-за змяншэння колькасці дзяцей, на жаль, давялося зачыніць Далёкаўскі і Замошскі дзіцячыя сады, а Мількаўскі, Урбанскі і Казянскі дзіцячыя сады-сярэднія школы перапрафіліраваны ў дзіцячыя сады-базавыя школы.

— Ірына Віктараўна, колькі школьнікаў сядуць за парты 1 верасня?

— Сёння гэта лічба — 2590 вучняў, з іх 236 першакласнікаў. Дзіцячыя сады прымуць 781 выхаванца. Аднак лічбы могуць мяняцца, бо залічэнне праходзіць да 1 верасня.

 — Ці ёсць у раёне праблемы з педагагічнымі кадрамі?

— Усе ўстановы адукацыі ўкамплектаваны добра падрыхтаванымі педагогамі. Існуе толькі праблема з настаўнікамі англійскай мовы, у якіх значная нагрузка. Таму раён з задавальненнем змог бы прыняць яшчэ такіх педагогаў. Да таго ж сёлета калектывы некаторых устаноў адукацыі папоўняцца маладымі спецыялістамі, якіх у наш раён прыйшло 9. У асноўным усе яны родам з Браслаўшчыны. Будзем спадзявацца, што ім спадабаецца першае месца працы.

— Кожны год вучэбна-выхаваўчы працэс змяняецца, удасканальваецца. Якія новаўвядзенні чакаюць школьнікаў сёлета?

— У новым навучальным годзе ў 10-11 класах профільнае навучанне прадугледжвае вывучэн- не асобных прадметаў на павышаным узроўні. У сувязі з гэтым для 11-класнікаў прадугледжана розная колькасць часоў для вывучэння прадметаў на базавым і павышаным узроўні. Таксама праходзіць паэтапны пераход на новыя вучэбныя праграмы па рускай і беларускай мовах і літаратурах. Паэтапна будзе ўводзіцца прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Раней ён вывучаўся на факультатыўных занятках. З пераліку прадметаў для 6-класнікаў выключана фізіка. Яе пачнуць вывучаць у 7 класе, а вось у 9-класнікаў прадмета стане на гадзіну больш. Апошняе новаўвядзенне — абноўленая праграма па “Працоўным навучанні”. У адных класах гадзін на яго вывучэнне стане больш, у другіх — менш.

— У школах сталіцы званкі прагучаць 31 жніўня. А калі яны зазвіняць у нас? І што чакае ў гэты дзень школьнікаў?

— На Браслаўшчыне ва ўсіх школах званкі прагучаць 1 верасня. Спачатку пройдуць урачыстыя лінейкі. А потым школьнікі адправяцца на свой першы ўрок, тэма якога — «Нам мир завещано беречь!». Гэта невыпадкова, бо самыя галоўныя нашы каштоўнасці, як адзначаў Прэзідэнт — мір у краіне, незалежнасць і бяспека кожнага.

— Ірына Віктараўна, што пажадаеце напярэдадні новага навучальнага года педагогам, школьнікам і іх бацькам?

— Усім настаўнікам жадаю жыць у гармоніі з сабой і тымі, хто побач, працаваць з максімальнай аддачай, а таксама мудрасці і цярпення. Школьнікам — старанна вучыцца, дасягаць новых вяршынь, а іх бацькам — аптымізму, здароўя і поспеху. ■