Свята аграгарадка Ахрэмаўцы

Деньги Отдых

1 “Мой родны куточак, ты мілы для сэрца” — гэтымі словамі распачалося традыцыйнае свята аграгарадка Ахрэмаўцы, якое адбылося 14 жніўня.

Мерапрыемства адкрыла старшыня сельвыканкама Дзіяна Тарун. Яна ад душы падзякавала аднавяскоўцам за сумленную працу на падворках, за іх уклад у добраўпарадкаванне Ахрэмаўцаў і пажадала ўсім дабрабыту і здароўя.

У святочнай праграме, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Ахрэмаўскага цэнтра нацыянальнай культуры, арганічна перапляталіся жарты, віншаванні, вясёлыя конкурсы, песні і вершы. Падчас мерапрыемства на сцэне павіншавалі сем’і, у якіх сёлета нарадзіліся дзеці, уручылі падарункі першакласнікам, адзначылі таленавітых майстроў і рукадзельніц аграгарадка. Асобна ўшаноўвалі пчаляроў (у гэты дзень адзначаўся Мядовы спас), якіх у Ахрэмаўцах больш за 10 чалавек.

2Цікавым момантам праграмы стаў розыгрыш латарэі і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсаў на лепшы букет і па добраўпарадкаванні панадворка. Агульным жа падарункам для ўсіх стала выступленне салістаў і вакальна-інструментальнага ансамбля цэнтра нацыянальнай культуры

Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, яны імкнуліся падарыць сваім аднавяскоўцам сапраўднае свята, але гэта было б немагчыма без спонсарскай дапамогі. Сёлета спонсарамі свята сталі ТБЗ “Браслаўскі”, індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксандра Раманская, Ларыса Коршунава, Вольга Пятроўская, магазін “Еўраопт” і касметычная кампанія “Арыфлэйм”.

Безумоўна, свята, якое падарыла мноства ўсмешак і добры настрой, запомніцца надоўга і стане яшчэ адной старонкай у летапісе населенага пункта.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.