АДПАЧЫЦЬ КАМФОРТНА І ЦІКАВА можна на турбазе

В свободное время Калейдоскоп Общество

Сёлета ўнітарнаму прадпрыемству “Браслаўскія азёры” споўнілася 57 гадоў з дня заснавання. Таму турысцка-аздараўленчы комплекс добра вядомы аматарам актыўнага адпачынку і воднага турызму яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

Безумоўна, за гэты час прафсаюзная турбаза (як яе называюць мясцовыя жыхары) істотна змяніла свой выгляд: новае аблічча набыў спальны корпус, замест шчытавых домікаў паступова з’яўляюцца сучасныя бунгала і катэджы, абноўлены інтэр’ер сталовай і кафэ. Дагледжаныя газоны, малыя архітэктурныя формы, утульныя альтанкі, дзіцячыя пляцоўкі — усё гэта толькі ўпрыгожвае турбазу. І, як адзначае дырэктар прадпрыемства Іван Бялусь, касметычны рамонт і работы па добраўпарадкаванні працягваюцца.

У летні сезон толькі ў буднія дні тут адпачываюць да 200 чалавек, у выхадныя гэта лічба значна павялічваецца. Шмат прыязджаюць дзяцей, запатрабаваны і сямейны адпачынак. Немалаважным аспектам з’яўляецца і тое, што адпачываючыя затрымліваюцца на даволі доўгі тэрмін, асабліва расіяне. У міжсезонне нумары браніруюць аматары зімняй рыбалкі і спорту, камандзіровачныя, індывідуальныя турысты.

У выхадныя дні ў банкетнай зале мясцовыя жыхары гуляюць вяселлі, адзначаюць юбілеі і іншыя ўрачыстасці.

Сваім адпачываючым адміністрацыя турбазы прапануе цікавыя забаўляльныя праграмы, гульні, конкурсы, дыскатэкі. Кожны, хто працуе ў штаце, стараецца прывабіць турыстаў ветлівасцю, культурай абслугоўвання, забяспечыць ім камфортнае жыццё і разнастайны адпачынак.

IMG_7230 Наколькі гэта ім удаецца, вырашыла даведацца ў саміх адпачываючых. Раман, Вікторыя, Кірыл, Марыя з Мінска:

— На турбазе адпачываем ужо другі год. Месцы браніравалі загадзя. Адпачынак падабаецца, бо тут для яго створаны ўсе належныя ўмовы: цудоўная прырода і чыстая вада, прапануюць цікавыя экскурсіі і паходы. Мы з задавальненнем наведалі гістарычныя і проста прыгожыя мясціны Браслаўшчыны, хадзілі на байдарках па азёрах. У пахмурнае надвор’е можна пагуляць у тэніс ці більярд. Ды і харчаванне нас задавальняе. Таму на наступны год таксама плануем прыехаць менавіта сюды.

IMG_7236Сям’я Татарынавых з Масквы:

— Пра Браслаўшчыну даведаліся ад сяброўкі. Яе станоўчыя водгукі падштурхнулі нас сюды прыехаць. І вось ужо чацвёрты год запар адпачываем на браслаўскіх азёрах. Раней ездзілі на мора, але некранутасць вашай прыроды, цішыня і спакой падкупілі нас. Паколькі працаваць можам праз інтэрнэт, то жывём на турбазе два, а то і тры месяцы. Падабаецца ўсё: пражыванне, харчаванне, забаўляльныя мерапрыемствы. Сын таксама знаходзіць сабе занятак. У мінулым годзе ў школе ён нават пісаў сачыненне пра адпачынак на Браслаўшчыне. Ходзім у лес у ягады. Важна, што не трэба хвалявацца за бяспеку сына — можна спакойна адпускаць яго ў лес ці на пляж. За гэтыя гады пазнаёміліся з наваколлем, славутасцямі Браслава і бліжэйшых вёсак. У вас вельмі добразычлівыя і гасцінныя людзі.

Да новых беларускіх грошай прывыклі адразу, і цяжкасцей не ўзнікала.

Жадаем мясцовым жыхарам цаніць і берагчы сваю прыроду, а ўсім беларусам — росквіту.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.